Рэпрэсіі за марш тры гады таму і за падтрымку Украіны. Хроніка пераследу за 14 лістапада


Па стане на 14 лістапада ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 1454 чалавекі. І рэпрэсіі не сканчаюцца. “Белсат” працягвае штодзенны агляд рэпрэсій — сабралі факты за 14 лістапада.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: na-dache.pro

У Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы 39-гадовага Яўгена Шчарбіны. Яго вінавацяць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Казлоў.

Яўгена затрымалі 7 красавіка і асудзілі на 13 сутак нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пасля гэтага Яўген на волю не выйшаў.

ГУБАЗіК затрымаў адміністратарку фітнэс-клуба. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», гэта 37-гадовая Раіса Шчарбін. Яна нібыта пакінула больш за 700 «абразлівых» каментароў. На відэа сілавікоў таксама паказваюцца каментары ў падтрымку Украіны, таксама нібыта аўтарства жанчыны.

А ў Брэсце затрымалі мужчыну за ўдзел у акцыі пратэсту 3 гады таму. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што справа ў мітынгах 10 жніўня 2020 года, дзе ён «бегаў з палкай па праезнай частцы і махаў ёй».

У Віцебску затрымалі мужчыну, які нібыта хацеў ваяваць на баку Украіны. Сілавікі сцвярджаюць, што для гэтага ён праходзіў адмысловую падрыхтоўку. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Hавiны
У Віцебску затрымалі мужчыну, які нібыта збіраўся ваяваць за Украіну
2023.11.14 17:00

Былую палітзняволеную з Паставаў Ірыну Паляніну 8 лістапада выклікалі па позве ў мясцовы РАУС, пасля чаго на волю яна не выйшла. 13 лістапада ў судзе Пастаўскага раёна суддзя Наталля Жукава разглядзела справу былой палітзняволенай аб падаўжэнні прэвентыўнага нагляду. Яго працягнулі на два гады. Па звестках праваабаронцаў, жанчыну ўвесь гэты час утрымлівалі ў ізалятары часовага ўтрымання. Раней Ірыну асудзілі да двух гадоў калоніі. У мінулым лістападзе яна выйшла на волю.

14 лістапада роўна 28 месяцаў, як у зняволенні ўтрымліваюць праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і юрыста «Вясны» Уладзіміра Лабковіча. 14 ліпеня 2021 года да іх і іншых «вясноўцаў» прыйшлі з ператрусамі. Іх абвінавачвалі ў «кантрабандзе» і «фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Суддзя Марына Запаснік прысудзіла Уладзіміру Лабковічу 7 гадоў калоніі, Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў, Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі.

Беларускія ўлады працягваюць змагацца не толькі з людзьмі, але і з культурай. Стала вядома, што 8 лістапада суд Жыткавічскага раёну прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі збор твораў класіка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча:

• Збор твораў. У 2 т. Т. 1. Драматычныя творы, вершаваныя аповесцi i апавяданнi / Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. і камент. Я.Янушкевiча. – Мiнск: Маст. лiт., 2007. – 494 с.: [16] л. iл.;

• Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершаваныя аповесцi i апавяданнi, вершы, публiцыстыка, лiсты i пасланнi, пераклады, Dubia / Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., пер/ Я.Янушкевiча. – Мiнск: Маст. лiт., 2008. – 598 с.: [16] л. iл.

Каментар
Дунін-Марцінкевіча ў XIX ст. пераследавалі за тыя ж радкі, што цяпер назвалі «экстрэмізмам»
2023.08.17 19:32

Раней «экстрэмісцкімі» прызналі прадмову Язэпа Янушкевіча да выдання творчаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і вершы Дуніна-Марцінкевіча «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» ад 1861 года.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў