Прыхаджанам Чырвонага касцёлу забаранілі маліцца і ў парафіяльным доме


Вернікам парафіі Чырвонага касцёлу забаранілі маліцца і ў парафіяльным доме. Як стала вядома «Хрысціянскай візіі», улады запатрабавалі спыніць службы.

Закрыты ўладамі Чырвоны касцёл у Менску.
Фота: Павел Русак / minsknews.by

Паводле звестак «Хрысціянскай візіі», развітальная імша, якую цэлебраваў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, стала апошняй. Улады загадалі спыніць службы. У памяшканні адразу пасля інцыдэнту з «пажарам» 26 верасня адключылі электрычнасць, ваду і ацяпленне.

«Ад абшчыны запатрабавалі вызваліць памяшканне да 13 кастрычніка і вярнуць камплект ключоў КУП «Менская спадчына», – паведамляе «Хрысціянская візія».

Як стала вядома, прычынаю фактычнай забароны на правядзенне малітваў у парафіяльным доме (плябаніі) стала тое, што будынак пазбаўлены вады, цяпла і электрычнасці, бо ёсць часткай адзінага з касцёлам комплексу і звязаны з ім агульнымі інжынернымі сеткамі. Яшчэ 5 кастрычніка кіраўнік «Менскай спадчыны» Аляксандр Кохан накіраваў ліст «Аб эксплуатацыі будынку» пробашчу Чырвонага касцёлу ксяндзу Уладзіславу Завальнюку. Паколькі будынак касцёлу выведзены з эксплуатацыі, падобныя крокі здзейсненыя і ў дачыненні плябаніі.

Гісторыі
Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў
2022.10.06 17:50

Тым часам беларускія каталікі выказваюць салідарнасць святарам і парафіянам Чырвонага касцёлу. Як паведамляе «Catholic.by»,  біскуп Юрый Касабуцкі ўвечары 13 кастрычніка адправіў імшу аб хутчэйшай беатыфікацыі фундатара касцёлу – Эдварда Вайніловіча і аб аднаўленні рэлігійнага жыцця ў храме Святых Сымона і Алены. На літургіі сабраліся і вернікі гэтай парафіі, і ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.

«Імша з нагоды 175-годдзя нараджэння Вайніловіча павінна прыносіць нейкі духоўны ўздым, але ў многіх з вас на вачах слёзы. Нам баліць сэрца ад таго, што пакуль не можам маліцца ў тым храме, у якім павінна была б паводле логікі адбыцца гэтая святая імша. Але Бог ведае, што робіць», – сказаў біскуп Юрый Касабуцкі.

Біскуп Юрый Касабуцкі падчас імшы.
Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Таксама біскуп падкрэсліў салідарнасць святароў і біскупаў з парафіянамі закрытага касцёлу: «Ксёндз Уладзіслаў, на здымках, якія былі апублікаваныя ўчора, падаецца, што вы адзін. Але вы не адзін. Можа быць, мы не заўсёды фізічна з вамі, але духоўна мы з вамі. Мы молімся за вас, мы падтрымліваем вас. Вы ведаеце таксама, якія захады робяцца ў гэтым кірунку».

ВІДЭА
Беларускія вернікі моляцца за вяртанне Чырвонага касцёлу. Служэнне можна глядзець онлайн
2022.10.13 19:30

26 верасня ў Чырвоным касцёле здарыўся пажар, пасля чаго ўлады замкнулі бажніцу і не пускалі туды нават святароў. Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, уночы ў МНС паступіла паведамленне пра тое, што ў касцёле Святых Сымона і Алены спрацавала пажарная сігналізацыя. «Высветлілася, што адбылося загаранне электраправодкі ў будынку. У выніку здарэння пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв. м. Ніхто не пацярпеў», – заявілі ў ведамстве.

Неўзабаве камісія надзвычайных сітуацыяў пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску пастанавіла «часова забараніць эксплуатацыю будынку». У касцёл няма доступу, не пускаюць нікога.

Парафія Чырвонага касцёлу – адна са старэйшых і найбуйнейшых у Менску. Штодня ў святыні адбывалася ад 6 да 8 службаў, тут працавала нядзельная школа, ладзілася шмат розных культурніцкіх ініцыятываў. Дзе цяпер будуць маліцца вернікі, незразумела. Не выключаецца, што закрыццё святыні можа быць палітычна матываваным.

Абнаўляецца
«Гэта скандал». Чырвоны касцёл у Менску высяляюць. Што адбываецца?
2022.10.06 12:14

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў