BEROC: IT-галіна Беларусі ачуняе толькі пасля «палітычных пераменаў» у краіне


IT у Беларусі не памрэ, але ачуняе толькі пасля змены ўлады. Пра гэта гаворыцца ў вераснёвым аглядзе «Маніторынг эканомікі Беларусі» Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC. Эксперты прааналізавалі, што цяпер адбываецца ў гэтай сферы, і апісалі яе будучыню.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Раней IT-галіна была драйверам эканамічнага росту Беларусі. Усё пачало мяняцца пасля мірнай рэвалюцыі 2020 года, калі сталі рэлакавацца праграмісты, якія асцерагаліся палітычнага пераследу за ўдзел у пратэстах. Аднак сапраўдны крызіс сфера зазнала з пачаткам вайны ва Украіне. Адмоўны ўнёсак IT у рост ВУП за сем месяцаў сёлета – мінус 1,2 %, кампаніі звальняюць болей, чымся бяруць на працу (за мінулы год і сем сёлетніх месяцаў галіна страціла 22,3 тыс. адмыслоўцаў). Як вынік – сталае падзенне беларускага экспарту паслуг, які збольшага забяспечвала акурат IT-сфера.

Аналітыка
Беларусь перастала назапашваць валюту. Эканаміст: у нас праблемы
2023.09.12 16:15

Эканамістка Настасся Лузгіна ў вераснёвым аглядзе «Маніторынг эканомікі Беларусі» BEROC адзначае, што бізнес умее адаптавацца да новых умоваў працы, таму IT у нашай краіне не памрэ.

«Больш актыўна будзе ісці супраца з расейскім рынкам, дзе назіраецца дэфіцыт IT-адмыслоўцаў. Тут застаецца адкрытым пытанне, наколькі заробкі падчас працы з расейскімі праектамі будуць адпавядаць узроўню, да якога прызвычаіліся беларускія айцішнікі. Другі кірунак – унутраны беларускі рынак. Аднак і тут не даводзіцца чакаць высокіх прыбыткаў», – піша Лузгіна.

Нельга выключаць, што кампаніі паспрабуюць выйсці на рынкі лаяльных Беларусі краінаў, на Усходзе, у Лацінскай Амерыцы, але сутыкнуцца там з канкурэнцыяй, «бо іншыя дзяржавы таксама развіваюць уласны IT-сектар».

«Пагатоў наш сектар сур’ёзна страціў у канкурэнтаздольнасці пасля сыходу найбольш моцных кампаніяў і прадстаўнікоў галіны», – адзначыла экспертка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Яшчэ адна праблема, звязаная са сцісканнем IT-сферы ў Беларусі, – меншы прыцёк валюты. «Ужо цяпер мы бачым, што большая частка сродкаў кампаніяў застаецца за мяжою. Такім чынам, у Беларусі іх офісы могуць не мець буйны прыбытак і не прыносіць у краіну той жа аб’ём валюты, што і раней. Значыцца, не варта чакаць, што нават у выпадку некаторага ўзнаўленчага росту IT будзе прыносіць эканоміцы выгаду на колішнім узроўні», – растлумачыла Лузгіна.

Стагнацыя гэтай галіны адаб’ецца і на адукацыі наступных пакаленняў праграмістаў. Шмат якія кампаніі інвеставалі ў навучанне, дасведчаныя адмыслоўцы ладзілі лекцыі і семінары, актыўна працаўладкоўвалі студэнтаў старэйшых курсаў, што давала магчымасць кар’ернага росту і гарантавала добры заробак цягам некалькіх гадоў. «Такія ініцыятывы, імаверна, не зніклі цалкам, але іх паменела», – гаворыцца ў аглядзе BEROC.

IT-галіна ў Беларусі застаецца прывабнаю для маладзёнаў, аднак ужо не такой перспектыўнаю:

«Магчымасцяў знайсці сябе на беларускім рынку менее. Хутчэй за ўсё, некаторыя школьнікі будуць арыентавацца адразу паступаць у замежныя ВНУ, а частка выпускнікоў тэхнічных ВНУ будзе шукаць магчымасць уладкавацца ў кампаніі ў іншых краінах».

Агляд
IT у Беларусі: небывалае беспрацоўе, урэзаны сацпакет і туманныя перспектывы
2023.06.27 12:00

Разам з тым, да канца года сітуацыя ў IT можа стабілізавацца, бо шмат якія кампаніі, якія хацелі сысці з Беларусі, ужо гэта зрабілі, мяркуе эканамістка.

«З улікам таго, што ўрад ускладае вялікія надзеі на супрацу з Расеяй, улады могуць думаць, што партнёрскія праграмы і новыя праекты будуць спрыяць развіццю IT-сектару. У гэтым выпадку можна будзе чакаць некаторага росту ў дачыненні нізкай базы 2023 года», – піша экспертка ў маніторынгу.

Акрамя таго, не выключана, што кампаніі, якія пастанавілі застацца ў Беларусі, здолеюць адаптавацца і наладзіць супрацу з «сяброўскімі краінамі», аднак гэта не будзе сведчыць пра ўстойлівае ўзнаўленне і працяг актыўнага росту.

«Пра гэта можна будзе казаць пры пазітыўных зменах у палітычным плане. Гэта выкліча эканамічныя зрухі: будуць знятыя санкцыі, забяспечаны прыцёк замежных інвестыцыяў, палепшыцца імідж краіны», – пералічыла Лузгіна.

Пры гэтых умовах патэнцыял галіны, які не да канца страчаны, можна будзе хутка ўзнавіць. «Аднак чымся пазней адбудуцца гэтыя змены, тым складаней будзе ўсё гэта зрабіць», – падсумавала экспертка.

Hавiны
З ідала ў дойную карову: што адбываецца з IT у Беларусі
2023.08.29 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў