Ці ўсё тое золата, што блішчыць?

У Менску скончыліся ІІ Гульні краінаў СНД. Беларусь атрымала ў іх 236 медалёў, зрабіўшыся другою пасля Расеі ў медальным заліку. Пры такім, здавалася б, станоўчым выніку адбылася дзіўная рэч, калі не сказаць больш – звышнатуральная. Аляксандр Лукашэнка аніяк не адрэагаваў на закрыццё Гульняў, якія адкрыў грандыёзна і ў гуморы 10 дзён таму. Можа, з імі нешта не так?

«У гэтага форуму – вялікая будучыня… Як бы ні імкнуліся яго забраць сусветныя заправілы: азлобленыя і бяссільныя… Вы імкняцеся выкрасліць моцных канкурэнтаў з міжнароднага спорту. Вы хочаце забраць нашыя перамогі. Вы забіваеце дух і сэнс алімпійскага руху. Гэта знак слабасці і вашага страху… Ізноў да нас прыкутая ўвага мільёнаў заўзятараў ува ўсім свеце… Тут сабраліся тысячы. Трансляцыю глядзяць мільёны… Нас немагчыма – расейцаў, беларусаў ды іншых – выкрасліць з міжнароднага алімпійскага руху…» – пачынаў Гульні Аляксандр Лукашэнка.

Зборная Расеі перамагла падчас спаборніцтваў II Гульняў краінаў СНД па міні-футболе. Крыніца: II Игры стран СНГ, Беларусь / Telegram

Усё гэта ён укладаў у вушы дзятве, якая не хоча ды пакуль не можа разбірацца ў сэнсе гульняў палітыкаў. Ён казаў гэта і дарослым людзям, трэнерам, кваліфікацыя якіх дазваляе працаваць толькі з падлеткамі, але не ў спорце найвышэйшых дасягненняў.

Пры гэтым нават Лукашэнка цудоўна разумее, што не ад быццам правільных словаў, а менавіта ад адэкватных дзеянняў палітыкаў залежыць, ці мы будзем ствараць новую «Рэспубліку ШКІД», ці дамо дзецям самым вызначаць свой лёс, у тым ліку і праз спорт.

Нават у самыя застойныя часы Савецкага Саюзу падлеткі заўсёды імкнуліся за мяжу, што праз заняткі спортам можна было зрабіць найхутчэй. Паглядзець свет, пазнаёміцца з аднагодкамі, развіваць валоданне мовамі, дый, што там хаваць, жыць бязбедна: прыгожа апранацца і добра харчавацца.

Для цяперашніх удзельнікаў Гульняў краінаў СНД шыкоўныя паводле светлавых і гукавых эфектаў адкрыццё і закрыццё спаборніцтваў не больш за салют у Дзень гораду. Прыгожа, маляўніча, але было і прайшло. Недарэмна Беларускі фонд спартовай салідарнасці (BSSF) плануе дабівацца праз розныя міжнародныя арганізацыі – і спартовыя, і палітычныя – зняцця забароны на ўдзел маладых беларусаў (ад 16 гадоў) у сапраўды канкурэнтаздольных міжнародных стартах. Гэта будзе адною з найважнейшых задачаў на восень, паведаміў у інтэрв’ю «Белсату» кіраўнік фонду Аляксандр Апейкін.

Гэта трэба, каб ні ў якім разе не страціць яшчэ аднаго пакалення, якое мела няшчасце нарадзіцца і пачаць займацца спортам у таталітарнай дзяржаве. У BSSF шчыра вераць, што гэта, зыходзячы з трохгадовага досведу, абавязкова ўдасца.

Чаму можа навучыць такі спорт, калі на старце II Гульняў краінаў СНД расейскія гандбалісткі ў Берасці перамагаюць дзяўчатак з Кыргызстану 76:1, а беларускі таму ж Кыргызстану накідваюць паўсотні мячоў – 50:6. Юнацкая каманда гаспадароў выгульвае ў хлопчыкаў з Узбекістану 50:19, мужчынская зборная Беларусі па хакеі на траве дае адлуп супернікам з Арменіі ажно з вынікам 66:1, а Расея Таджыкістану – 41:1. Вось за кошт такой вартай здзеку розніцы Беларусь, набраўшы аднолькавую колькасць медалёў з расейцамі, выгуляла залатыя медалі ў мужчынскім хакеі на траве.

Гэта золата, якое не прыносіць задавальнення. Яно, хутчэй, траўмуе: і тых, хто перамог, і тых, хто мусіў перажыць такі сорам. Якое ўжо тут свята спорту?

На цяперашнія Гульні ўдалося выцягнуць прадстаўнікоў 22 краінаў, сярод якіх не было рэпрэзентантаў заходнееўрапейскіх дзяржаваў.

Разбор
У Беларусі праходзяць «ІІ гульні аўтарытарных краінаў». У СНД «запісалі» Венесуэлу і Кубу
2023.08.08 14:35

Беларусь не дала рады абысці ўсіх. Гаспадары засталіся другімі, значна (больш як утрая паводле колькасці залатых медалёў і больш як на 50 узнагарод агулам) саступіўшы Расеі, у якой разам назбіралася 288 медалёў. Ці варта казаць пра ўзровень спаборніцтваў, канкурэнцыю ў іх і карысць для маладых спартоўцаў, калі адна каманда заваёўвае каля 300 узнагародаў за 10 дзён (на мінулых летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа пераможцы – атлеты ЗША – здабылі 113 медалёў за два тыдні).

Увогуле, ініцыятыва правесці Гульні краінаў СНД зыходзіла ад Міністэрства спорту Расейскай Федэрацыі і была падтрыманая яшчэ ў 2018 годзе на Радзе кіраўнікоў дзяржаваў СНД у Душанбэ. Праўда, мяркуючы з усяго, у кулуарах. Бо ў афіцыйным камюніке таго спаткання са спартовай тэмы значыцца толькі дакумент пра Сусветныя гульні вандроўнікаў і радок «Лукашэнка запрасіў удзельнікаў паседжання ўзяць удзел ва ўрачыстых цырымоніях адкрыцця і закрыцця Другіх Еўрапейскіх гульняў» (Менск, 21–30 чэрвеня 2019 года).

Тым не менш першыя спаборніцтвы адбыліся. Не ў 2020-м, як планавалася, а на год пазней. У сталіцы Татарстану – Казані. Там былі рэпрэзентаваныя ўсе 9 краінаў СНД. Гульні ў Менску сталіся адкрытымі ўжо з васьмю эсэндэшнікамі. Бо сёлета, ў лютым, улады Малдовы заявілі пра намер выйсці з садружнасці і ўзялі курс на ўваход у Еўразвяз.

Апошні дзень спаборніцтваў паміж плыўцамі. Крыніца: II Игры стран СНГ, Беларусь / Telegram

На адкрыццё цяперашніх Гульняў арганізатары выцягнулі алімпійскіх чэмпіёнаў, імёны якіх сённяшняй моладзі не могуць захапіць: пераможцу дзвюх Алімпіядаў (1996, 2000) Кацярыну Карстэн, чэмпіёнку амаль 20-гадовай даўніны Юлію Несцярэнку, яшчэ больш старажытную алімпійскую залатую медалістку (Сіднэй, 2000), штурхальніцу ядра Яніну Правалінскую-Карольчык, пераможцаў Гульняў больш як 30-гадовай даўніны, калі Беларусь яшчэ і не выступала самастойна, гандбаліста Андрэя Барбашынскага і весляра-канаіста Аляксандра Масяйкова.

Калі на тым жа адкрыцці акрамя Лукашэнкаў (Аляксандра, Віктара, Мікалая) прысутнічаў яшчэ і старшыня ўраду Раман Галоўчанка, міністры ды амбасадары, то ў закрыцці ўзялі ўдзел максімальна кіраўнік адміністрацыі Ігар Сергеенка ды генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.

Няма сэнсу прыводзіць цытаты з хвалебнай, але нічым не падмацаванай прамовы апошняга ці з інтэрв’ю міністра спорту Сяргея Кавальчука, мэта якіх – як мага больш, але беспадстаўна ўпрыгожыць тое, што называецца Гульнямі.

Тым не меней і такое збіраюцца праводзіць далей. У 2025 годзе эсэндэшныя забавы будзе гатовы прыняць Азербайджан. Колькі праз два гады застанецца ўдзельнікаў у СНД і ці захаваецца яно самое хоць у нейкім выглядзе – пытанне надта прывіднае. Пакуль ёсць новы клопат: «Гульні BRICS», ініцыятыву правядзення якіх падаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, а Лукашэнка, вядома ж, падтрымаў. Ён ужо расхвальваў тое, што яшчэ і не распачыналася, перад працаўнікамі Менскага заводу грамадзянскай авіяцыі № 407.

Якая маральная ці фізічная траўма зваліла гэтым разам кіраўніка Беларусі, невядома. Але пасля суботняга выезду ў палі ўсходняга рэгіёну Беларусі ён сябе другі дзень ніяк не абазначае. А вось тое, што ён абсалютна аніяк не адзначыўся на закрыцці II Гульняў краінаў СНД, не падаецца выпадковым. Буйная параза магла жорстка пакрыўдзіць і балюча ўдарыць па амбіцыях. Таму змена міністра спорту і турызму найбліжэйшым часам цалкам імаверная.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў