Былога літоўскага футбаліста ўпершыню арыштавалі ў 2020-м, але не за пратэсты?


Нядаўна ў медыях з’явілася інфармацыя, што былы літоўскі футбаліст Сімас Скіндзярыс, які ў 2000-я гады гуляў у беларускім чэмпіянаце, а пасля завяршэння спартовай карʼеры застаўся жыць у Менску і хваліў Лукашэнку за задушэнне пратэстаў, асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі.

Сімас Скіндзярыс.
Фота: fcgorodeya.by

З публічнай прасторы Сімас Скіндзярыс знік пасля 21 снежня 2021 года. У першым паўгоддзі 2022 года над ім адбыўся суд. Дагэтуль у адкрытых крыніцах няма звестак, паводле якога артыкулу ён асуджаны. Мяркуецца, што крымінальная справа ў адносінах да спартоўца можа быць звязаная з наркотыкамі. Мы не можам пацвердзіць або зняпраўдзіць гэтай здагадкі.

У той жа час Альянс расследавальнікаў Беларусі дзякуючы падтрыманню «Кіберпартызанаў» высветліў, што ў базе МУС «Спецдонесения» ад 25 траўня 2020 года змяшчаецца інфармацыя аб затрыманні ў Менску 28 красавіка 2020 года цёзкі Скіндзярыса (імёны адрозніваюцца, у рапарце МУС пазначаны Сіманс. – Заўв. рэд.), які спрабаваў збыць сумнеўныя 50 еўраў. Міліцыі затрыманы патлумачыў, што купюру ўзяў з асабістых ашчаджэнняў. Падазроную купюру даследавалі эксперты ДКСЭ і высветлілі, што «дадзены грашовы знак выраблены не прадпрыемствамі, якія ажыццяўляюць вытворчасць дзяржаўных грашовых білетаў і каштоўных папераў ЕЗ». 24 траўня Цэнтральнае РУУС Менску распачало па гэтым факце крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 221 КК («Выраб, захоўванне або збыт падробленых грошай або каштоўных папераў»). Цалкам верагодна, што Скіндзярыс, як і многія іншыя ў такіх выпадках, мог памыляцца і не ведаць, што купюра падробленая, такім чынам, яго не маглі асудзіць як фальшываманетчыка. Тым больш, што фальшыўку ў яго выявілі ў красавіку 2020 года, а вядома, што да снежня 2021 года ён быў на волі.

Дакумент перададзены рэдакцыі.

Адсутнасць у базах МУС звестак аб злачынстве, звязаным з наркотыкамі, можа тлумачыцца спецыфікай інфармацыйных сістэмаў МУС або тым, што магчымыя саўдзельнікі Скіндзярыса маглі быць затрыманыя нашмат раней за яго самога, а ён яшчэ нейкі час заставаўся на волі; адпаведна, інфармацыя пра яго ўнесеная ў спецулік МУС пазней, чым «Кіберпартызаны» атрымалі да яе доступ.

Іншыя публікацыі АРБ можна паглядзець тут ці прачытаць у тэлеграм-канале.

АРБ дзякуе «Кіберпартызанам» за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу.

Альянс расследавальнікаў Беларусі / Авер

Стужка навінаў