193 тысяч рублёў штомесяц зарабляе кіраўнік «Еўраопту». Яшчэ тыдзень таму за чалавека можна было толькі парадавацца, але пару дзён таму ўся моц гневу Лукашэнкі абрынулася менавіта на яго і яго калег па прафесіі. Вельмі ўжо ён абураўся розніцай у заробках паміж шараговымі прадаўцамі (800 – 1000 рублёў) і звышпрыбыткамі менеджменту. Разышоўся галоўны спецыяліст па ўсіх пытаннях і люта круціў вачыма, распытваў падначаленых: «Гэта што, нармальна? Яны што, працуюць больш, чым прадавец?» Давайце паспрабуем высветліць.
Для пачатку ўдакладнім, што гаворка ідзе пра цалкам «белы» заробак, афіцыйна налічаны і сплочаны. Празрысты, як вада ў беларускіх азёрах. І з гэтых сапраўды значных сум цалкам выплачаныя ўсе падаткі.
А хто ж вінаваты ў тым, што прадаўцы ў сеткавых крамах гатовыя працаваць за такую невялікую суму? Можа быць, гэтыя самыя трутні-кіраўнікі ўступілі паміж сабой у змову і свядома не хочуць плаціць больш? Тады трэба было б прызнаць, што ў гэтай змове ўдзельнічае ўся краіна, бо заробак на такім узроўні – гэта не выключэнне з правілаў, а як раз норма, калі ледзь-ледзь ад’ехаць ад буйных гарадоў.
Так што за адкрыта жабрацкі ўзровень даходаў значнай часткі насельніцтва Аляксандр Лукашэнка павінен вінаваціць толькі таго чалавека, на якога ён штораніцы глядзіць у люстэрку. Менавіта ён дзесяцігоддзямі выбудоўваў тую эканамічную мадэль, якая і прывяла да сітуацыі, калі рынкавы кошт гэтых самых прадаўцоў складае 1000 рублёў у лепшым выпадку. І за гэтую суму тых, хто жадае папрацаваць, хоць адбаўляй.
Ці не шмат атрымлівае кіраўнік «Еўраопту»? Давайце прадставім. Выручка гэтага монстра – $2,3 млрд, колькасць супрацоўнікаў – больш за 30 тысяч чалавек. І гэта прыбытковая арганізацыя, якая прыносіць уласнікам дзясяткі мільёнаў долараў на год. З іх на дырэктара прыпадае каля мільёну. Справядліва?
Па памеры задач гэтая кампанія роўная МАЗу, МТЗ, Белшыне разам узятым – падобныя памеры выручкі, колькасць занятых, але ёсць адна асаблівасць – рытэйлер не просіць дзяржаўных грошай, у адрозненні ад узгаданых кампаній. Неяк спраўляецца самастойна.
Заробак дырэктараў названых дзяржпрадпрыемстваў сапраўды змяшчаецца ў свядомасці Лукашэнкі, не выклікае агрэсіі, але, можа быць, лепш было б плаціць больш? Неяк больш адэкватней задачам, якія стаяць перад прадпрыемствамі? Можа, тады гэтыя «чырвоныя менеджары» не наносілі б сваімі дзеяннямі штогод шкоду разоў у сто большую, чым усе заробкі ўсіх кіраўнікоў гандлёвых сетак разам узятыя?
Так, названыя сумы шакуюць, тым больш, што асабіста я не адчуваю ніякага піетэту да мадэлі бізнесу «Еўраопта», але калі ўжо мы хочам жыць у дэмакратычнай дзяржаве, то варта прызнаць, што сума заробку – асабістая справа наймальніка, уласніка прадпрыемства. Грамадства можа неяк да яе паставіцца, напрыклад, выказаць незадаволенне, але ў нас столькі праблем трэба вырашыць да таго, што з гэтым мы ўжо як-небудзь пажывём нейкі час. Абы плацілі падаткі.
Ды і галоўнае пытанне: а навошта гэта было трэба? Дзеля чаго такі шум? Мая версія – мы сталі сведкамі міжведамаснай бойкі.
Міністр Марцін Багданаў ужо месяцы тры ходзіць як гагач: ну як жа, гэта ж ён перамог цэны! Галоўны эканаміст краіны яму відавочна спрыяе і гэта, напэўна, не падабаецца калегам Багданава – кіраўнікам КДК, пракуратуры ды іншым. Вось і прыляцеля ў адказ, КДК выцягнула козыр, маўляў, і мы не з гліны злепленыя, і мы можам гасударавы інтарэсы абараняць. Ды, вядома ж, з улікам характару Лукашэнкі, ужо пастараліся расставіць, справакаваць ягоную рэакцыю.
Задумаемся на хвілінку, а хто ў нас адказвае за гандаль? Пад чыім крылом дзеецца гэтае бязладдзе? Правільна! Учорашні пераможца таварыш Багданаў сёння павінен спаць вельмі неспакойна. Магчыма, нават горш, чым кіраўнікі «Еўраопта», «Гіпа»і «Пятага элемента». А вы кажаце – заробкі.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.