Участковы Аляксандр Емяльянаў напаў на след «шпіёнаў»?


На Магілёўшчыне не сціхаюць жарсці вакол справы «белсатаўцаў-шпіёнаў», якія знялі сюжэт у «сакрэтным кароўніку». Справаю займаецца ўчастковы інспектар Бялыніцкага РАУСу, лейтэнант міліцыі Аляксандр Емяльянаў. Магчыма, яму ўдалося ўстанавіць асобы «журналістаў-шпіёнаў».

Пад падазрэннем – незалежныя журналісты з Магілёва Аліна Скрабунова і Яўген Глушкоў. Участковы ўжо другі раз скіраваў ім позвы. У позве Яўгену Глушкову з Бялыніцкага РАУСу на гэты раз указалі, што незалежны журналіст выклікаецца «ў якасці асобы, супраць якой распачаты адміністратыўны працэс». Ён мусіць з’явіцца ў Бялыніцкі РАУС у панядзелак 20 траўня а 10:00, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Журналісткі Аліны Скрабуновай не было дома, таму позвы яна пакуль не атрымала.

Нагадаем, у лютым журналісты здымалі сюжэт пра пераслед грамадскага актывіста Валерыя Вусіка, які ў незалежнай газеце «Магілёўскі выбар» выкрыў шматлікія парушэнні кіраўніцтва СВК «Лебядзянка». Прадстаўнікі адміністрацыі СПК пачалі з пагрозаў на адрас спадара Вусіка, а пасля абвінавацілі журналістаў «Белсату» ў… прамысловым шпіянажы. Аргументавалі яны гэта тым, што журналісты ўвайшлі ў хлеў без дазволу кіраўніцтва «Лебядзянкі».

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары