Сірыя: Ад выразання сэрцаў – да публічных расстрэлаў


Паўстанцы апублікавалі чарговае жахлівае відэа з экзекуцыяй урадавых жаўнераў. Толькі заўчора палявы камандзір Абу Сакар выразаў сэрца ў жаўнера ўрадавых войскаў і заклікаў рабіць тое ж з усімі прыхільнікамі Башара аль-Асада.

Барацьба ўжо не за ўладу, а за веру?

Паўстаннцы публікуюць у інтэрнэце відэа, як расстрэльваюць 11 асобаў з мяшкамі на галовах. Паводле ката, гэтыя асобы бралі ўдзел у масакрах у Гомсе. Тады ўрадавыя войскі расстралялі горад, лічба загінулых можа дасягаць нават дзесяці тысяч асобаў.

Наступныя кадры – з гораду Рака, які кантралюецца паўстанцамі. Натоўп, сабраны каля абеліску з рэлігійнымі надпісамі, страляе ў паветра і выкрыквае ўдзячнасць Алаху. Пад абеліскам ляжаць трое расстраляных. Паводле прамоўцы, забітыя гэтаксама бралі ўдзел у разні ў Гомсе і вайсковых злачынствах у Баніясе.

«Бог кажа ў сваёй святой кнізе змагацца з імі. Алах пакутуе праз нас, і Алах дасць нам перамогу. Злачынствы Башара і ягоных жаўнераў растуць штодзённа. Гэта – наш адказ на разню ў Баніясе і помста за жанчын у Гомсе», – дзеліцца сваім разуменнем Карану замаскаваны паўстанец.

Праваабаронцы ўжо падкрэслівалі, што апошнім часам канфлікт пераходзіць на рэлігійную глебу. А гэткія відэа могуць дорага каштаваць паўстанцам, якія спадзяюцца на дапамогу НАТО і ЗША.

Хто ўжыў хімічную зброю?

На пачатку траўня адмысловая камісія ААН прыйшла да высновы, што хімічную зброю ў Сірыі выкарыстоўвалі, і, хутчэй за ўсё, гэта здзейснілі паўстанцы, забіваючы некалькі дзясяткаў мірных грамадзянаў. У сваю чаргу, Бі-Бі-Сі паведамляе пра «атрыманне сведчанняў аб тым, што хімічную зброю ўжылі ўрадавыя войскі». Вядзецца пра артылерыйскі абстрэл гораду Саракеб, паводле лекараў мясцовага шпіталю, у васьмі параненых былі праблемы з дыханнем.

Натуральна, што і ўрадавыя, і паўстанцкія войскі зняпраўджваюць абвінавачанні ў выкарыстанні хімічнай зброі.

За час канфлікту ў краіне загінула нават да 80 тысяч асобаў. Абсалютная большасць – мірныя жыхары.

У.Ш., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары