Куды коціцца беларуская эканоміка?


Галоўны паказнік эканамічнай эфектыўнасці краіны – валавы ўнутраны прадукт – імкліва зніжаецца. За першыя чатыры месяцы ён запаволіўся да 2, 5 % – канстатавалі дзяржаўныя статыстыкі. Калі тавараў Беларусь вырабляе ўсё менш, то грошай – усё больш. З пачатку года шырокая грашовая маса павялічылася больш як на 5 %.

На стабільнасць і росквіт краіны ў першыя два месяцы года працавалі ўдарна… Але зробленая прадукцыя назапасілася на складах і, нягледзячы на патрабаванне кіраўніка краіны “тэрмінова прадаць!” – ляжыць нерэалізаваная.

{movie}ВУП ідзе долу (15.05.2013) |right|10705{/movie}

ЯЎГЕН ПРЭЙГЕРМАН, ЭКСПЕРТ ЛІБЕРАЛЬНАГА КЛУБУ:

“У нас эканамічная мадэль, якая арыентуецца на планы, а не на попыт і кан’юнктуру”.

Склады не з гумы зробленыя – паказала вясна. Валавы ўнутраны прадукт пачаў падаць і ў красавіку дасягнуў 2,5 % (пры абяцаных 8,5 % за год). Не даючы рады прадаць нарыхтаванае, прадпрыемствы пачалі скарачаць вытворчасць. Але плаціць заробкі працаўнікам бальшыня заводаў працягвае.

АНДРЭЙ КАРПУНІН, КЛУБ ФІНАНСАВЫХ ДЫРЭКТАРАЎ:

“Вось гэтая праграма, “усім па $ 500”, а цяпер “усім па $ 1000” і прывяла да сітуацыі, калі насельніцтва рэзка нарасціла свае прыбыткі, калі абавязковыя выдаткі яшчэ не падцягнуліся”.

Пакуль прадпрыемствы бяднеюць, насельніцтва багацее ды нясе грошы ў банкі пад выгадныя адсоткі. Цяпер суму, эквівалентную $ 2,6 млрд беларусы трымаюць на дэпазітах. За кошт гэтых і наяўных сродкаў цягам чатырох месяцаў больш як на 5,3 % вырасла шырокая грашовая маса – паведаміў Нацбанк. І тут жа стрэліў: да канца года стаўка рэфінансавання ўпадзе да 13–15 %, а ўжо сёння – панізілася да 25 %.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Захада гэтая запозненая і можа наадварот выклікаць адток дэпазітаў і перацяканне іх у валютныя ўклады. Гэта можа дэстабілізаваць макраэканамічную сітуацыю ў краіне. У той жа час падвышэння ВУП і нейкага ажыўлення ў прамысловасці таксама не прадбачу”.

У траўні, першую палову якога Расея адпачывала ад нашай прадукцыі, ВУП Беларусі можа яшчэ больш запаволіцца. Агулам жа…

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Рэгіянальная вытворчасць цяпер даволі хутка занепадае, і ствараецца схаванае беспрацоўе, якое выліваецца ў працоўную міграцыю ў бок Расеі перадусім”.

А такую сітуацыю мы назіралі ў крызісныя 2009-ы ды 2011 гг., пасля якіх нават некаторыя чальцы ўраду давалі знаць: трэці раз на тыя ж граблі не наступім.

Юлія Цяльпук, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў