На могілках накрылі сталы з ежаю: беларусы святкуюць Радаўніцу


Сёння, на 9-ы дзень пасля Вялікадня, праваслаўныя вернікі памінаюць памерлых. Гэта ўнікальнае свята, якое мае старажытныя паганскія і царкоўныя традыцыі.

Значэнне Радаўніцы падкрэсленае тым, што гэты дзень святочны ды непрацоўны. Культ продкаў у беларусаў быў вельмі значны заўжды, што знайшло адлюстраванне ў абраднасці. Паходжанне назвы навукоўцы выводзяць ад розных словаў. Між іншага – ад агульнаславянскага “род” ці паганскага бога Рады. Царкоўная традыцыя гаворыць пра сувязь назвы свята са словам “радасць”, бо ў гэты дзень людзі прыносяць радасную вестку сваім продкам пра ўваскрошанне.

У “Гарачым каментары” фалькларыстка Таццяна Валодзіна распавядае пра карані свята і пра тое, як трэба ўшаноўваць продкаў паводле беларускай традыцыі.

{movie}Таццяна Валодзіна ў “Гарачым каментары”|right|10671{/movie}

У гэты дзень непажадана штосьці сеяць або садзіць. Напярэдадні Радаўніцы гаспадыні рыхтавалі стравы для памінання на могілках, прычым колькасць страваў мусіць быць няцотная. Усё прыгатаванае складалі ў вялікую палатняную хустку, туды ж дадавалі асвечаныя на Вялікдзень фарбаваныя яйкі.

Раніцаю людзі ішлі ў царкву, паміналі блізкіх, а пасля абеду адпраўляліся на могілкі. Жанчыны меліся плакаць, а мужчыны кацілі асвечанае яйка са словамі “Хрыстос уваскрос”. Затым усе моўчкі рассаджваліся вакол магілы і даставалі стравы. Урачыстая трапеза пачыналася з запрашэння нябожчыка. Пасля крыху ежы і пітва пакідалі для памерлых, рэшткі ж раздавалі жабракам.

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў