Сляды і поўсць «чупакабры» знайшлі на Палессі


«Чупакабра» аб’явіўся зноў: яго дзейнасць зафіксавалі ў Драгічынскім раёне.

У вёсцы Зёлава Драгічынскага раёну, як лічаць мясцовыя жыхары, зноў шкодзіць таемная істота – «чупакабра», падае «Вечерний Брест».

«На выходныя я ездзіла ў Берасце, – распавядае мясцовая жыхарка Святлана Лысікава, – а па вяртанні ў вёску выявіла, што нехта задушыў і пагрыз трох маіх козаў. Яны ўжо досыць вялікія – ім па чатыры месяцы. А сёння раніцаю сусед знайшоў, што задушылі трох малочных казлянятаў».

Жыхары вёскі звярнуліся па дапамогу ў Абласную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету. Паводле намесніка начальніка Сяргея Штыка, у Зёлава ў найбліжэйшы час мусяць прыехаць паляўнічыя, каб на месцы ацаніць сітуацыю. Між іншым, паляўнічыя будуць аналізаваць сляды таемнага драпежніка, якія той пакінуў у вёсцы ў вялікай колькасці. На вясковым плоце засталася таксама поўсць невядомага звера.

Загадчык мясцовай фермы Сцяпан Юхімук распавядае, што бачыў у ваколіцах вёскі буйнога звера, падобнага да сабакі ды ваўка адначасова, у якога цёмная поўсць – «бруднаватая з сівізною». Апроч таго, Святлана Лысікава змагла сфатаграфаваць і замераць пакінутыя «чупакабраю» сляды: 8 на 10 сантыметраў.

Цяпер гаспадары Драгічынскага раёну прымаюць захады засцярогі для аховы свойскай жывёлы.

Летась пра «чупакабру», які забіваў хатнюю жывёлу, было чуваць у мястэчку Старобін у Салігорскім раёне ды Слоніме на Гарадзеншчыне.

МЯ, belsat.eu, паводле vb.by

Глядзі таксама
Каментары