Салідарнасць шведаў: нацыянальныя сцягі на матчы Канада–Беларусь (фота)


Падчас хакейнага двубою Канада–Беларусь на трыбунах з’явілася група беларусаў і шведаў. Яны трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі. Пасля папярэдніх скандалаў вакол выкарыстання нацыянальнай сімволікі, ніхто не асмеліўся выганяць заўзятараў з трыбунаў.

“Мы змаглі стаяць з нашымі сцягамі цягам усёй гульні. Гэта, несумненна, і ёсць рэакцыя з боку Шведскай федэрацыі хакею на апошнія падзеі ды хвалю крытыкі. Гэта таксама было сведчаннем таго, што дыктатарскія метады не вітаюцца ў свабодным грамадстве, такім, як Швецыя. І Лукашэнку давядзецца з гэтым змірыцца”, – распавядае Ізабэль Зомэрфэльд (Isabel Sommerfeld), заснавальніца праваабарончай сеткі “InfoBelarus”.

Напачатку траўня актывісты “Беларускай нацыянальнай памяці” прыйшлі на матч беларусаў і чэхаў у Стакгольме з беларускаю нацыянальнаю сімволікай. Аднак арганізатары чэмпіянату свету па хакеі выклікалі паліцыю. Праваахоўнікі сталі забіраць сцягі. Пазней старшыня Беларускай федэрацыі хакею Яўген Ворсін заявіў, што людзі, што прыйшлі на хакей з беларускаю нацыянальнаю сімволікаю – “нейкія староннія людзі, якім, імаверна, заплацілі грошы”. БФК звярнулася да арганізатараў чэмпіянату з патрабаваннем у будучыні не дапускаць на матчы гледачоў з бел-чырвона-белымі сцягамі.

“Спадар Ворсін некалькі разоў прайшоў міма нас падчас гульні ў пятніцу. Мы махалі забароненыя сцягамі проста перад ім і скандавалі “Жыве Беларусь”. Вы б бачылі ягоны твар”, – дадала Ізабэль Зомэрфэльд.

МЛ, паводле bloglovin.com

Фота bloglovin.com

Стужка навінаў