Беларускі кампазітар стаў сімвалам фестывалю, прысвечанага музыцы ВКЛ


Ян Тарасевіч пісаў перадусім музыку для фартэпіяна, а натхняўся беларускім фальклорам.

Сёння ў Беластоку стартуе Фестываль імя Яна Тарасевіча, прысвечаны музыцы Вялікага Княства Літоўскага ў Беластоцкім тэатры оперы і філармоніі. Імпрэза працягнецца да нядзелі.

Ян Тарасевіч (1893–1961) – беларускі кампазітар, піяніст і педагог. Нарадзіўся ў Сакулцы (Sokółka, сёння – на Падляшшы, Польшча). Да нашых дзён дайшло 110 твораў. Ён пісаў музыку для фартэпіяна, харавую і камеральную, а таксама песні. Натхняўся беларускім фальклорам.

Дырэктар Падляшскай оперы Рабэрта Скальмоўскі (Roberto Skolmowski) назваў Тарасевіча “скарбам” гэтых зямель і “сімвалам высокага мастацтва, створанага на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага”. Таму лічыць яго добраю кандыдатураю на патрона фестывалю як сімвал усіх творцаў, якія працавалі на землях ВКЛ. Чарговыя фестывалі дырэктар оперы плануе прысвяціць музыкам, якія стваралі на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Расеі, Украіны ды Эстоніі.

Сёлетні ж фестываль прысвяцілі постаці Яна Тарасевіча. Выконваць рамансы і харавую музыку ягонага аўтарства будуць беларускія музыкі і працаўнікі Падляшскай оперы. Выступіць таксама беларускі бард Алег Кобзар.

У праграме і фільм пра кампазітара. Адкрыецца таксама выстава, на якой можна будзе ўбачыць ягоныя піяніна, здымкі, кнігі і ноты. Яе дапамаглі зарганізаваць Музей літаратуры і мастацтва (Менск) і Беларускае гістарычнае таварыства (Беласток).

Прафесар Алег Латышонак з Беларускага гістарычнага таварыства распавёў Польскаму прэсаваму агенцтву, што доўгі час творчасць Тарасевіча была невядомая: нягледзячы на ягоную дасканалую музычную адукацыю, яго ведалі перадусім як педагога. Гісторык таксама падкрэсліў, што кампазітар мае вялікае значэнне для беларусаў, бо быў сапраўдным патрыётам і шмат якія творы прысвяціў дзеячам беларускай культуры.

Фестываль працягнецца да нядзелі, 12 траўня.

КР, АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары