«Прысядалі на зямлю, абхаплялі міліцыянтаў за тулава»


Журналісты Аляксандр Ярашэвіч і Дзмітрый Галко чакаюць суда: іх вінавацяць у непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі. Гэта ўжо другі падобны выпадак за апошнія два тыдні. «Белсат» склаў топ-5 недарэчных выпадкаў пераследу журналістаў у Беларусі за апошнія паўгода.


1 месца. «Не прысядаць! Міліцыянтаў за тулава не хапаць!»

Суд Савецкага раёну прызнаў журналістаў «Радыё Рацыя» Генадзя Барбарыча і Аляксандра Ярашэвіча вінаватымі ў непадпарадкаванні міліцыі. Пра тое, як гэта адбывалася, у судзе распавялі міліцыянты-сведкі Сяргей Рэўт, Уладзімір Граблюк і Аляксей Карповіч.

Паводле сведак, журналісты, якія вярталіся з «Чарнобыльскага шляху», паводзілі сябе падазрона: «азіраліся» і «пераглядваліся». Калі ў іх запыталі дакументы, яны, паводле міліцыянтаў, паспрабавалі схавацца, «прысядалі на зямлю, размахвалі рукамі, хапалі за вопратку, хапалі міліцыянтаў за тулава». Суддзя Кірыл Палупеха не толькі паверыў у гэта, але і пастанавіў пакараць журналістаў 3 днямі арышту. Цяпер «парушальнікі» плануюць абскардзіць гэта.

Архіўнае фота bymedia.netАрхіўнае фота bymedia.net2 месца. Увага! «Шпіёны» ў кароўніку!

«Тое, што вы робіце, называецца «прамысловым шпіянажам»! На імя начальніка міліцыі напішу на вас заяву. Абвінавачу вас у тым, што вы хадзілі па хляве, а ў вас няма санітарнага пашпарту», – пачулі на свой адрас журналісты «Белсату» ад кіраўніцтва СВК «Лебядзянка» на Магілёўшчыне.

Журналісты здымалі сюжэт пра пераслед грамадскага актывіста Валерыя Вусіка, які ў незалежнай газеце «Магілёўскі выбар» выкрыў шматлікія парушэнні кіраўніцтва СВК «Лебядзянка». Цяпер міліцыянты спрабуюць высветліць, якім чынам на «Белсаце» з’явіўся матэрыял пра «сакрэтны кароўнік» і дапытваюць мясцовых актывістаў.

3 месца. Папрасіў прабачэння ў журналісткі – падавай рапарт!

Прабачэнні ад міліцыі.Прабачэнні ад міліцыі.У Смалявічах у снежні міліцыянты зладзілі сапраўдны хапун. Журналісты хацелі трапіць на сустрэчу з дэпутатам Смалявіцкага райсавету, каб запытаць пра будаўніцтва кітайска-беларускага тэхнапарку. Аднак праваахоўнікі пастанавілі абараніць народнага абранніка ад нязручных пытанняў: у пастарунак трапілі Сяргей Вазняк, Мікалай Петрушэнка, тэлерэпарцёрка Лола Бурыева, аператар Вячаслаў Пяшко ды яшчэ іхны кіроўца – «за кампанію».

Гісторыя мела незвычайны працяг: пасля абскарджання дзеянняў міліцыянтаў Лола Бурыева атрымала афіцыйныя прабачэнні ад праваахоўнікаў. Што праўда, намесніка кіраўніка Смалявіцкага РАУСу Уладзіміра Піляка, які падпісваў дакумент, неўзабаве… звольнілі.

4 месца. АЭС – «гонар і… таямніца»

Будаўніцтва першай беларускай АЭС ідзе стаханаўскімі тэмпамі – пра гэта рапартуюць чыноўнікі высокага ўзроўню. Гэтак, некаторыя аб’екты здадуць з апераджэннем графіку на 8–10 месяцаў! А вось мясцовыя актывісты кажуць, што заліты абы-як падмурак першага катлавану ўжо пачаў даваць расколіны.

Незалежным журналістам Настассі Яўмен і Аляксандру Баразенку так і не ўдалося пераканацца ні ў першым, ні ў другім на ўласныя вочы. Замест гэтага 26 красавіка, у гадавіну катастрофы на ЧАЭС, ім давялося даводзіць міліцыянтам, што яны не шпіёны і не тэрарысты. Допыт журналісткі адбываўся ў пакоі з плакатам «Беларуская АЭС – у гармоніі з прыродаю».

5 месца. За тое, што фатаграфаваў асфальт!

У снежні рэдактар сайту «Народныя Навіны Віцебску» Сяргей Серабро пастанавіў зняць тое, як працаўнікі мясцовага дрэваапрацоўчага камбінату рыхтуюцца да прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Падрыхтоўка да візіту поўнаю хадою ішла і на прылеглых вуліцах: рабочыя фарбавалі фасады будынкаў (традыцыйна перад такімі візітамі – выключна фасады), укладалі новы асфальт.

Калі Сяргей Серабро пачаў фатаграфаваць, нечакана з’явіўся нарад міліцыі, які выклікала ахова прадпрыемства. Пасля кароткага разгляду журналіста адпусцілі, а для аховы прадпрыемства прыехалі амапаўцы.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары