Хрыстос уваскрос! Сёння праваслаўныя святкуюць Вялікдзень!


Святочныя набажэнствы праходзяць ува ўсіх праваслаўных храмах нашай краіны. Да вернікаў са святочным пасланнем звярнуўся мітрапаліт Менскі ды Слуцкі Філарэт.

Патрыяршы экзарх адзначае: прызнанне Хрыста ўваскрэслым з мёртвых – гэта «не ўмоўны звычай, не фармальнасць, не адцягнутая ісціна», Вялікдзень «мае беспасярэднее дачыненне да нашага ўласнага жыцця і да жыцця вечнага». «Спавядаючы Хрыста ўваскрэслым, мы выказваем сваю веру ў перамогу дабра над злом, жыцця над смерцю, ісціны над хлуснёю, святла над цемраю. Спавядаючы Хрыста ўваскрэслым, мы напаўняемся надзеяй, што гэткая перамога магчымая ў жыцці кожнага з нас».

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) звяртае ўвагу на тое, што людзі часта скардзяцца «на недасканаласць навакольнага свету». «Але змяненне гэтага свету да лепшага не можа адбыцца раней, чым мы самі паспрабуем зрабіць яго лепшым, пачаўшы з саміх сябе. І ў Хрысце мы маем рэальную магчымасць змяніць сваё жыццё. Толькі ад нас залежыць, ці захочам мы стаць на барацьбу за сваю душу, за нашыя сем’і, за наш народ, або ж дазволім нашаму жыццю паступова ператварацца ў пекла», – перакананы мітрапаліт.

Паводле ягонага пераканання, заклік Хрыста – «Мужайцеся» – «звернуты не толькі да апосталаў», але і да «нас з вамі, жыхароў сучаснай Беларусі». «Царква створаная Богам для таго, каб усе мы маглі чэрпаць з яе сілы на шляху да богазапаветнага свету», – адзначае кіраўнік БПЦ. «Гісторыя святасці – гэта крыніца надзеі, апора для руху ў будучыню і ўмова нашага адзінства. Людзі адрозніваюцца дараваннямі, сіламі ды інтарэсамі. Але калі ў сэрцах нашых прысутнічае любоў да блізкага і да Айчыны, то нашыя адрозненні становяцца падобнымі да кветак на лузе. Яны выяўляюць прыгажосць агульнага, прыгажосць беларусаў як нацыі», – гаворыцца ў Велікодным пасланні ўладыкі Філарэта.

Сімвалам Вялікадня заўсёды было фарбаванае яйка. У хрысціянскай традыцыі яно ўпершыню згадваецца пасля таго, як Марыя абвесціла імператару Тыберыюсу пра ўваскрэсенне Хрыста. Той заявіў, што гэта так жа немагчыма, як тое, каб курынае яйка, якое ён трымаў у руках, пачырванела. Аднак традыцыя пісанкі дасягае часоў паганства – пра тое, як у Беларусі аднаўляюць практычна забытае народнае мастацтва – у матэрыяле «Аб’ектыву».
{movie}Дасканалае яйка |right|10541{/movie}
На сёння БПЦ прэзентаваная прыкладна паўтара тысячамі прыходаў у 11 епархіях. У краіне працуе больш чым 1,1 тыс. праваслаўных цэркваў, звыш 100 цэркваў будуецца. Згодна са звесткамі апошняга перапісу, праваслаўнымі хрысціянамі сябе лічаць звыш 80 % насельніцтва Беларусі.

У.Ш, паводле БелаПАН, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары