Акупацыя ці анексія? Расейскі сцяг ды “Западная Губерния” на Віцебшчыне (Фота)


Па Віцебскай вобласці ездзяць транспартныя сродкі, сімволіка і надпісы на якіх сведчаць, што рэгіён нібыта больш не беларускі.

Сцяг Расейскай Федэрацыі быў прымацаваны побач з чырвона-зялёным сцягам на лабавым шкле аўтобуса «Радзіміч», які належыць Аўтатранспартнаму прадпрыемству № 16 у Глыбокім.

Аўтобус з сімволікаю дзяржавы-суседкі ездзіць звычайна маршрутам Глыбокае–Шаркоўшчына–Мёры.

Мясцовы грамадскі дзеяч і журналіст Кастусь Шыталь адрэагаваў на расейскую дзяржаўную сімволіку, зрабіўшы запіс у кнізе заўваг і прапановаў Глыбоцкай аўтастанцыі. Ён напісаў, што прапаганда расейскай дзяржаўнай сімволікі ў Беларусі абражае ягоныя нацыянальныя пачуцці, бо Расея цягам 500 гадоў праводзіць захопніцкую палітыку ў дачыненні нашай краіны.

Спадар Шыталь прапанаваў забараніць размяшчаць сімволіку замежных дзяржаваў на транспартавых сродках АТП-16. Паводле заканадаўства, кіраўніцтва аўтапарку мусіць даць пісьмовы адказ цягам 15 дзён.

У гэтым жа рэгіёне пасажырскімі перавозкамі з Полацку і Наваполацку ў Менск займаецца транспартная кампанія “Западная Губерния”. Назва фірмы красамоўна віднеецца на ўсіх “бусах” кампаніі. “Засталося яшчэ пару цвёрдых знакаў дадаць, каб выглядала сапраўды “па-вялікарасейску“, – жартуюць інтэрнаўты.

Тое, што Віцебская вобласць – край парадоксаў, сведчыць яшчэ адзін здымак, зроблены Кастусём Шыталём у недалёкіх ад Глыбокага Докшыцах. Журналісту ўдалося зняць гістарычны герб Пагоня, прыбіты адным з жыхароў Докшыцаў побач з даўнейшым гербам БССР да дзвярэй каморы. “Гэта адзіная выява Пагоні ў Докшыцах“, – падае сайт westki.info.

МЯ, belsat.eu, паводле westki.info

Глядзі таксама
Каментары