Беларусы паводле сваёй натуры не злачынцы, значыць, штосьці не так робіць дзяржава, мяркуе актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Сяргей Вазняк.
Шмат хто сядзіць у турмах з тых, хто не мусіць там быць, падкрэсліў дзеяч. Не варта караць людзей турэмнымі выракамі за эканамічныя злачынствы, а можна было б у гэтых выпадках абмежавацца кампенсацыяй страты і штрафамі. Сітуацыю, калі практычна ў кожнай беларускай сям’і нехта з родзічаў ці блізкіх пабываў за кратамі, спадар Вазняк назваў ненармальнаю. Ён мяркуе, што адказнасць за гэта нясе дзяржава.
{movie}Вазняк у “Гарачым каментары” пра беларускія суды|right|10441{/movie}
Ці можа суддзя супрацьдзеяць сістэме?
У Беларусі ўсіх суддзяў назначае адзін чалавек, і перад ім, а зусім не перад законам яны нясуць адказнасць, адзначыў Сяргей Вазняк: «Калі б суддзя выбіраўся групаю людзей – жыхарамі, прадстаўнікамі ўлады, любым калегіяльным органам, то ў гэтым выпадку групе людзей дагадзіць немагчыма, тады суддзя мусіць дагаджаць закону, быць залежным ад яго».
Суддзі, нават тыя, каго прызначае кіраўнік краіны, – таксама людзі, якім часцяком бывае сорамна. Не ўсе з суддзяў хочуць, каб іх сорам і ганьба пасля вынясення несправядлівых выракаў сталіся публічнымі. Суддзя, якая 2 гады таму агалошвала прысуд самому Сяргею Вазняку, на ягоную думку, таксама не рабіла гэтага з вялікім запалам: «Думаю, у яе была палёгка, што гэта быў умоўны вырак і яна не адправіла нас у турму».
Адзіны шанс пратэсту суддзі – адстаўка, мяркуе дзеяч. «Ёсць праблема адтоку кадраў з судовай сістэмы, бо людзям непрыемна выносіць такія прысуды не паводле закону, не паводле ўласнага сумлення і перакананняў, а пад нейкім ціскам», – адзначыў госць «Белсату».
МЯ., belsat.eu