Дык колькі чыноўнікаў скароцяць?


Паводле Лукашэнкі, колькасць бюракратычнага апарату зменшыцца роўна на 13 617 чалавек, аднак ва ўказе прэзідэнта аб скарачэнні не згадваецца дакладнай лічбы чыноўнікаў, якіх звольняць. Падаецца толькі колькасць тых, што застануцца – 20,5 тыс. чалавек.

Як падлічыла выданне “Intex-press” , калі пасля 25-адсоткавага скарачэння застанецца менавіта 20,5 тыс. чыноўнікаў, то звальняць давядзецца не 13, а каля 7 тысяч дзяржслужбоўцаў. Выданне заўважыла, што калі прэзідэнт называе дакладную лічбу, то і на месцах мусяць ведаць, каго ўжо будуць скарачаць. Але ў Баранавіцкім гарвыканкаме журналістам сказалі, што дакладная лічба яшчэ прапрацоўваецца.

Эканаміст Леанід Заіка кажа, што, называючы то адну, то другую лічбу, улады заблыталіся, бо самі дакладна не ўяўляюць, як праводзіць гэтае скарачэнне чыноўнікаў: “Тут ёсць жаданне ўпершыню за ўвесь час правесці масавае скарачэнне наменклатуры. Жаданне цікавае тым, што скарачэнне якраз пачынаецца ў час падзелу ўласнасці. Другі момант, што такое скарачэнне апарату лепей рабіць пры дапамозе адмыслоўцаў у кіраванні чалавечымі рэсурсамі, прыцягнутых збоку. Бо як цяпер робіцца: прыслалі нават у ВНУ патрабаванні скараціць выкладчыкаў і гэтак далей. У выніку атрымаецца, як казаў палітычны доўгажыхар Анастас Мікаян, скарачаць наменклатуру, звальняць чыноўнікаў – гэта тое самае, што палохаць варон. Яны ўздымуцца з дрэва, пакаркаюць і сядуць на суседняе”.

Афіцыйныя ўлады даводзяць, што на звольненых чыноўніках бюджэт зэканоміць каля 115 мільёнаў долараў за год. Аднак адмыслоўцы кажуць, што гэта нязначны эканамічны эфект.

Скарачэнне чыноўніцкага апарату на 25 % мае адбыцца згодна з прэзідэнцкім указам “Аб некаторых мерах аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацыяў, а таксама колькасці іх працаўнікоў”. Паводле дакументу, змены адбудуцца і ў структуры выканаўчых камітэтаў. Гэтак, плануецца аб’яднаць некаторыя аддзелы выканкамаў, напрыклад, ідэалагічны, культуры ды аддзел у справах моладзі.

Аднак пакуль у рэгіянальных выканкамах не могуць патлумачыць, як будзе ажыццяўляцца дзеянне ўказу.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары