Караліна Грушка пра ролю ў «Жыве Беларусь»: праблема была з націскамі


«Белсат» запісаў інтэрв’ю з польскай акторкаю, якая зграла дзяўчыну галоўнага героя – Веру Геніюш.

Інтэрв’ю можна паглядзець у апошнім выданні праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на нашым канале штопятніцу а 20:30. Архіў выданняў «ПраСвет» вы знойдзеце ў закладцы «Нашыя праграмы».

Караліна Грушка замужам за расейскім рэжысёрам Іванам Вырыпаевым і цяпер жыве ў Маскве. Сцэнар фільму «Жыве Беларусь» ёй спадабаўся, як і прапанаваная ёй: «Вера – тэмпераментная дзяўчына, тут ёсць што знайсці, ёсць што зграць».

Акторка кажа, што праблемы з дэмакратыяй у Беларусі ёй блізкія, бо нагадваюць пра тое, як ад камуністычнага рэжыму пазбаўлялася Польшча. Гэтыя падзеі адбіліся на лёсе шмат каго з ейных сваякоў. «І думаю, што ў польскім народзе ёсць нешта такое, бо нам удалося гэта зрабіць <…> – дапамагаць тым народам, у якіх гэта толькі пачынаецца», – тлумачыць яна.

Дарэчы, зацікаўленасць нашаю краінаю пачалася раней за здымкі фільму: Караліна Грушка брала ўдзел у канцэртах «Салідарныя з Беларуссю», якія апошнім часам штогод праходзяць у Варшаве. Кажа, што вялікіх цяжкасцяў з беларускаю моваю ў яе не было, бо сама полька і свабодна размаўляе па-расейску. Адзіную праблему складалі націскі, якія ў беларускіх словах адрозніваюцца ад польскіх і расейскіх. Правільна расстаўляць акцэнты яе вучыў Франак Вячорка, які, паводле спадарыні Грушкі, заўсёды на здымках быў побач.
{movie}Інтэрв’ю з Каралінаю Грушкай (фільм “Жыве Беларусь”)|right|10311{/movie}
Паводле суразмоўцы, фільм – значная падзея для беларусаў; важна паказаць яго не толькі ў Польшчы, але і ў іншых еўрапейскіх краінах, каб людзі на свае вочы пабачылі, што адбываецца ў Беларусі.

Найбліжэй да беларускай мяжы фільм можна будзе паглядзець у Беластоку. А пад лета ён, магчыма, з’явіцца ў інтэрнэце.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары