У “Гарачым каментары” другі рэжысёр і суаўтар сцэнару фільма разважае пра значэнне фільму “Viva Belarus!” для саміх беларусаў і замежных гледачоў
Здымкі адбываліся ў 2011–12 гадах у Польшчы, рэжысёр – Кшыштаф Лукашэвіч, другі рэжысёр – вядомы беларускі актывіст Франак Вячорка, які працаваў таксама і над сцэнаром фільму, галоўную ролю выканаў Зміцер Папко. Стужку ўпершыню паказалі на Канскім кінафестывалі, аднак беларускі глядач пабачыць «Жыве Беларусь!» хіба толькі ў інтэрнэце.
{movie}Франак Вячорка ў “Гарачым каментары”|right|10252{/movie}
Паводле Франака Вячоркі, апроч сеціва, стужку можна будзе пабачыць на адмысловых паказах, пра якія будзе паведамлена ў акаўнтах, прысвечаных фільму ў сацыяльных сетках. А ў вольны доступ у інтэрнэт «Жыве Беларусь!» трапіць у сярэдзіне лета.
Натуральна, дзейныя ўлады не ў захапленні ад фільму. У стужцы распавядаецца не толькі пра пратэставы рух у Беларусі, але і аб праблеме «дзедаўшчыны» ў войску і рэаліях забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў.
«Гэта новае беларускае кіно. Гэты фільм паводле шмат якіх параметрах першы, гэта першы фільм пра сучасную Беларусь, таму ён шмат у чым контраверсійны», – зазначае Франак Вячорка.
Першыя рэцэнзіі на «Жыве Беларусь!» у Польшчы даволі крытычныя. Перадусім аўтары зазначалі некаторую гіпербалізацыю беларускай рэчаіснасці. Разам з гэтым, паводле Франака Вячоркі, адслужылыя ў беларускім войску маладзёны не заўважылі ніякіх перабольшванняў у сцэнах з войска.
У.Ш., belsat.eu