На пахаванні Геніюш былі тысячы, на ўчорашняй вечарыне яе памяці... дзясяткі


У сённяшнім аглядзе падзеяў культуры: 30 гадоў без Ларысы Геніюш, міжнародны дзень ромаў у Гомлі, новая версія “Ідыліі” паводле камедыі Дуніна-Марцінкевіча у Бабруйску.

Многія ейныя творы, прасякнутыя любоўю да Беларусі, былі апублікаваныя толькі пасля яе смерці. Але і дагэтуль ейных вершаў не знойдзеш у школьнай праграме. Нягледзячы на тое, што геній Ларысы Геніюш – бясспрэчны. Учора, у 30-ую гадавіну смерці паэткі закаханыя ў ейную творчасць спаткаліся ў сядзібе БНФ ў Менску.

Песні на вершы Ларысы Геніюш праспявала Таццяна Беланогая, іншыя ўдзельнікі імпрэзы дэкламавалі вершы ды распавядалі аб няпростым лёсе паэткі. Пры жыцці Ларысу Геніюш пераследавалі ўлады, за грамадскую актыўнасць яна заплаціла 8-мю гадамі, праведзенымі ў лагерах. Нават пасля смерці імя Геніюш не толькі не рэабілітавалі, але і свядома замоўчваюць.

{movie}Агляд культуры|right|10100{/movie}

АЛЕСЬ МАЗАНІК, МЕНЕДЖАР КУЛЬТУРНІЦКІХ ПРАЕКТАЎ:

“Яна – увасабленне ўсяго таго, чаго баіцца сучасная ўлада: яна – беларуска, яна – змагарка, яна – патрыётка. Калі сёння рэабілітаваць яе, атрымаецца, што ўсё, што яна казала, уся ейная любоў, усё ейнае жыццё без грамадзянства СССР (а яна сябе лічыла грамадзянкаю Беларускай Народнай Рэспублікі) – усё гэта будзе праўдаю. І, адпаведна, людзям, якія будуць яе рэабілітоўваць, давядзецца прызнаць, што яна – герой свайго часу”.

Праз асаблівасці сённяшняй школьнай праграмы па літаратуры, а таксама праз адсутнасць імя Ларысы Геніюш для афіцыйных культурніцкіх асяродкаў і мас-медыяў, свет ейнай паэзіі мае шанец адкрыць для сябе толькі той з маладзёнаў, хто свядома цікавіцца літаратураю па-за сценамі школы.

Але ці ў стане інтэрнэт аднавіць беларускую памяць пра паэтку? 30 гадоў таму, 7-га красавіка 1983-га года, у часы без інтэрнэту на пахаванне Ларысы Геніюш у Зэльву прыехалі тысячы. На ўчорашнюю вечарыну ў Менску прыйшлі колькі дзясяткаў чалавек.

Мар’яна Чарняева, belsat.eu

Стужка навінаў