Віцебскім будаўнікам выплацілі заробак за люты толькі пасля страйку


Працаўнікам трэба не чакаць справядлівасці ад прадпрыемства, а браць сітуацыю ў свае рукі і патрабаваць выканання сваіх правоў, падкрэсліваюць незалежныя прафсаюзныя лідары.

Раніцаю 1 красавіка працаўнікі Віцебскага домабудаўнічага камбінату адмовіліся прыступаць да працы. І гэты быў зусім не жарт – будаўнікі з лютага не атрымоўвалі заробку.

Як паведамляюць “Народныя навіны Віцебску”, кіраўніцтва домабудаўнічага камбінату абяцала менавіта да 1 красавіка выплаціць затрыманы заробак за люты. Але да канца сакавіка будаўнікі заробленых грошай гэтак і не ўбачылі, што і сталася прычынаю страйку. Кіраўніцтва камбінату было вымушанае выйсці да працаўнікоў і дамаўляцца з імі, што зняў на відэа адзін з прысутных

{movie}Страйк на Віцебскім домабудаўнічым камбінаце (1.04.2013)|right|10057{/movie}

На наступны дзень пасля перамоваў, 2 красавіка, да абеду на рахунках працаўнікоў з’явіліся грошы, але толькі 50 % ад належнай сумы. Другую палову заробку камбінат паабяцаў выплаціць цягам бягучага тыдня. Як паведамілі на прадпрыемстве, 3 красавіка заробак быў пералічаны цалкам, пра што даклалі ў тым ліку і ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Афіцыйныя прафсаюзы бароняць не рабочых, а начальства

Кіраўнік полацкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Віктар Стукаў мяркуе, што ў гэтай сітуацыі не на карысць працаўнікам тое, што на домабудаўнічым камбінаце, як і ўвогуле ў будаўнічай сферы Віцебскай вобласці, няма незалежнага прафсаюзу, а афіцыйны ў такіх выпадках абараняе звычайна інтарэсы кіраўніцтва прадпрыемства, а не працаўнікоў: “Афіцыйныя прафсаюзы ў нас звычайна робяць што заўгодна – на экскурсіі возяць, нейкія канцэрты ладзяць, забаўляюць, але яны не робяць асноўнай прафсаюзнай працы, да якой належаць: заробак, умовы працы, гарантыя працоўнага месца. Падуладныя прафсаюзы часам нават цяжка назваць прафсаюзамі”.

Прафсаюзны лідар звяртае ўвагу, што працаўнікам трэба заўсёды ведаць дні выплаты авансу і заробку, пазначаныя ў калектыўнай дамове, і калі гэтыя тэрміны парушаюцца, можна смела звяртацца ў пракуратуру, дзяржкантроль ці інспекцыю працы.

Як правесці “італьянскую забастоўку”?

Яшчэ адным метадам уздзеяння на кіраўніцтва прадпрыемства ў такіх умовах Віктар Стукаў называе гэтак званую “італьянскую забастоўку”, калі наўмысна запавольваецца тэмп працы і змяншаецца колькасць вытворнай прадукцыі.

Найбольш жа дзейсным у такой сітуацыі, як у Віцебску, спадар Стукаў лічыць выхад з афіцыйнага і арганізацыю незалежнага прафсаюзу. З гэтым пагаджаецца старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук: “Калі працаўнікі масава самаарганізоўваюцца, то пытанні з заробкамі на прадпрыемствах заўсёды развязваюцца – ці то праз крэдыт, ці іншым шляхам”. Адмыслоўца нагадаў пра тое, як на “Граніце” ў Мікашэвічах у выніку самаарганізацыі працаўнікі здолелі дасягнуць не толькі своечасовай выплаты заробку, але і яго павышэння ў 5 разоў.

Трэба браць сітуацыю ў свае рукі

Старшыня БКДП падкрэслівае, што выпадкі з затрыманнем выплаты заробкаў чарговы раз паказваюць: працаўнікам трэба не чакаць справядлівасці ад прадпрыемства, а браць сітуацыю ў свае рукі і патрабаваць выканання сваіх правоў.

Выпадак у Віцебску – не ўнікальны, і затрыманне выплаты заробкаў, асабліва ў рэгіёнах, – не рэдкасць для беларускіх прадпрыемстваў. Тое, што за апошні год такія сітуацыі, як у Віцебску, здараюцца часта, але большасць з іх не трапляе пад увагу медыяў, адзначаюць і Віктар Стукаў, і Аляксандр Ярашук.

Паводле сайту “Хартыя’97”, у сярэдзіне сакавіка гэтага года працаўнікі асіповіцкага заводу “Каммаш” падчас гарачай лініі з намеснікам кіраўніка Дзяржкантролю РБ Віталем Дзерахам скардзіліся на затрыманне выплаты заробку за студзень. Са спазненнем заробак за студзень выплацілі працаўнікам ААТ “Новая Друць” у Бялыніцкім раёне. У некаторых школах і дзіцячых садках Магілёва ў сакавіку не выплацілі авансу. Але гэтую інфармацыю абвяргае Аддзел адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў