Па справе масавых закалотаў ужо 36 абвінавачваных


Такімі звесткамі валодаюць праваабаронцы. Паводле ж міністра ўнутраных справаў Анатоля Куляшова, фігурантамі справы ёсць 37 чалавек.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, абвінавачванні выставілі Дзмітрыю Буланаву, Аляксандру Квяткевічу і Васілю Парфянкову.

Як распавёў “Белсату” кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, раней маладзёны праходзілі па крымінальнай справе ў якасці падазраваных, цяпер ім змянілі статус.

Што датычыць разыходжання з лічбамі, агучанымі міністрам, Бяляцкі звяртае ўвагу на тое, што ўся інфармацыя па крымінальнай справе хаваецца. “Працаваць у такіх умовах вельмі цяжка. Мы даведваемся пра тое, што здараецца, толькі праз сваякоў і сяброў тых, хто цярпіць крымінальны пераслед”, – тлумачыць Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца таксама паведаміў, што пакуль няма звестак, ці былі Дзмітрый Буланаў і Аляксандр Квяткевіч сябрамі апазіцыйных партыяў ці маладзёвых рухаў. “Падобна, што гэта былі звычайныя ўдзельнікі акцыі, якія скарысталіся сваім канстытуцыйным правам выйсці на плошчу і выказаць нязгоду з вынікамі выбараў”, – мяркуе Алесь Бяляцкі.

Дзмітрый Буланаў і Аляксандр Квяткевіч удзельнічалі ў акцыі пратэсту 19 снежня і атрымалі 10 і 12 дзён адміністратыўнага арышту адпаведна. Васіль Парфянкоў працаваў у выбарчым штабе Уладзіміра Някляева. Цяпер Буланаў і Парфянкоў утрымліваюцца ў СІЗА на вул. Валадарскага, Квяткевіч – у СІЗА КДБ.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што апошнім часам ваенная контрвыведка ўсё актыўней уцягваецца ў працэс допытаў грамадзянаў па справе аб масавых закалотах.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары