Швед: Маё звальненне – палітычнае рашэнне і помста за «Гораднязнаўства»


Перад тым, як доктара гістарычных навук Вячаслава Шведа афіцыйна звольнілі, у Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на размову з кіраўніцтвам прыходзіў кіраўнік вобласці Сямён Шапіра. Менавіта паводле ягонага ўказання раней распачаўся пераслед выкладчыкаў Андрэя Чарнякевіча ды Ігара Кузьмініча.

Вячаслаў Швед звярнуўся з адкрытым лістом да ўжо былых калегаў Гарадзенскага ўніверсітэту. Учора рада ўніверсітэту не абрала доктара гістарычных навук Вячаслава Шведа на пасаду прафесара па конкурсе. Да пенсіі выкладчыку заставалася 3,5 гады.

Падчас першай хвалі звальненняў за падручнік «Гораднязнаўста» Вячаслава Шведа знялі з пасады кіраўніка кафедраю беларускай культуры і рэгіянальнага турызму.

«Конкурсная камісія, прааналізаваўшы маю працу за апошнія 5 гадоў, адзінагалосна рэкамендавала маю кандыдатуру да ўдзелу ў конкурсе на радзе ўніверсітэту. 1 красавіка 2013 года адбылося галасаванне. Вынікі яго (30 – за, 41 – супраць) яўна сфальсіфікаваныя. Гэтак галасаваць людзі, якія мяне добра ведаюць, не маглі», – зазначае гісторык у адкрытым лісце да калегаў.

Напярэдадні паседжання рады ва ўніверсітэт прыходзіў cтаршыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра і размаўляў з кіраўніцтвам універсітэту. А таму доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед мяркуе, што канчатковае звальненне з Гарадзенскага ўніверсітэту – палітычнае рашэнне і помста за апальны падручнік «Гораднязнаўства».

«Я стварыў калектыў аўтараў, кіраваў ім, напісаў больш за палову кнігі, рэдагаваў яе. Кніга была напісаная на просьбу настаўнікаў Горадні, якія працавалі са школьнікамі паводле факультатыўнага курсу “Гораднязнаўства”, – піша Швед

Год таму прафесара Шведа ўзнагародзілі медалём «За заслугі перад Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы». Гісторык прапрацаваў у Гарадзенскім універсітэце больш за 30 гадоў. Апублікаваў 4 манаграфій, 10 кніг, 5 навучальных дапаможнікаў.

«Я хачу растлумачыць сваю пазіцыю і каб Вы ведалі, што я заўсёды пісаў свае творы, абапіраючыся на гістарычныя факты. За што сярод сваіх калег-гісторыкаў заслужыў прызнанне глыбокага і аб’ектыўнага гісторыка», – заканчвае адкрыты ліст доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары