Баранавічы: Br 1,5 млн штрафу за... прапанову пайсці ў лазню


Баранавіцкага праваабаронцу Сяргея Гоўшу пакаралі штрафам за брыдкаслоўе ў часе працы назіральнікам у выбарчай камісіі. Гэты вырак пацвердзіў Берасцейскі абласны суд.

Суд прызнаў нецэнзурнаю лаянкаю выраз Сяргея Гоўшы “Ідзіце вы ў баню”. Адмысловая экспертыза выявіла на дыктафонным запісе, што зрабіў назіральнік, толькі такія словы, якія маглі пакрыўдзіць старшыню выбарчай камісіі.

Канфлікт паміж Сяргеем Гоўшам і старшынёю акруговай выбарчай камісіі Таццянаю Латышавай адбыўся ў часе выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, калі спадар Гоўша зрабіў сябрам камісіі заўвагу і папрасіў ліквідаваць парушэнні, якія мелі месца паводле яго.

Назіральнік паспрачаўся са старшынёю камісіі ды, абураны тым, што да яго не прыслухоўваюцца, на развітанне сказаў: “Ай, ідзіце вы ў баню”.

{movie}Запіс размовы Сяргея Гоўшы і старшыні акруговай выбарчай камісіі Таццяны Латышавай|right|9876{/movie}Таццяна Латышава напісала на праваабаронцу заяву ў міліцыю аб тым, што ён брыдкасловіў на выбарчым участку. Пазней Баранавіцкі гарадскі суд і пакараў Сяргея Гоўшу 1,5-мільённым штрафам, не прыняўшы да ўвагі дыктафонны запіс размовы, прапанаваны назіральнікам.

Берасцейскі абласны суд спачатку не прыняў касацыйнай скаргі Сяргея Гоўшы, але паводле рашэння Вярхоўнага суда мусіў гэта зрабіць. У абласны суд назіральнік прадаставіў нават вынікі адмысловай экспертызы, якая засведчыла, што самымі “моцнымі” словамі ў дыялогу Латышавай і Гоўшы была прапанова апошняга пайсці ў лазню. Тым не меней, суддзя Наталля Сурма палічыла гэтыя словы лаянкаю, што парушыла грамадскі парадак.

Сяргей Гоўша з такім выракам не пагаджаецца: “Буду падаваць скаргу ў Вярхоўны суд. Хаця спадзяванні на яго ў мяне малыя. Суд выконвае замову. І з самага пачатку суда і не мусіла быць. Бо міліцыянты, калі праслухалі дыктафонны запіс, здзівіліся, што брыдкаслоўя там няма. Але потым у судзе знайшліся сведкі з сябраў той выбарчай камісіі, якія чулі, што я быццам лаяўся. Пры гэтым яны не адмаўлялі, што я трымаў дыктафон, і тое, што адкрыта запісваў размову”.

Кастусь Будчак, АК, belsat.eu

Стужка навінаў