Гісторыя аднаго падарожжа ў Беларусь


Паездка ў Менск скончылася кашмарам для Тэрэсы Стшэлец з польскага гораду Ортэль Крулеўскі (Ortel Królewski). Цяпер пытанне ў тым, як вярнуцца на Радзіму.

Упершыню яна разам з мужам паехала ў Менск да знаёмых. Пад Берасцем у іхнай машыне штосьці сапсавалася, пакінуўшы аўта ў рамонце, палякі працягнулі падарожжа.

«Калі вярнуліся, аказалася, што машына знікла. Па рамонце яе ўзяў непоўнагадовы сын беларускага механіка і паехаў катацца. Яго затрымала паліцыя і перадала машыну мытнікам, бо тая была з польскаю рэгістрацыяй. Жонка вярнулася дамоў і да таго часу мы змагаліся за машыну», – распавядае муж Тэрэсы Ярослаў Стшэлец.

Урэшце ў студзені суд вырашыў, што машыну трэба аддаць уласнікам, але аказалася, што мытня ўжо прадала аўта яшчэ летась. А сама Стшэлец мусіць заплаціць штраф за дапушчэнне продажу машыны на тэрыторыі Беларусі.

«Пятага сакавіка мы паехалі ў Беларусь, каб урэшце разабрацца з гэтым непаразуменнем. Калі ўвечары вярталіся дадому, памежнік сказаў, што жонцы анулявалі візу, бо яна не заплаціла штрафу», – зазначае Ярослаў Стшэлец.

У выніку жанчына дагэтуль застаецца ў Беларусі, а ейнаю справаю займаецца польская амбасада. Справа выглядае, як мінімум, абсурдна – візу адмянілі і нават шляхам дэпартавання вярнуцца на радзіму жанчына не можа, бо мусіць заплаціць штраф за злачынства, якога, паводле беларускага суда, яна не здзяйсняла.



Паводле Ярослава Стшэлеца, мытнікі заявілі, што не атрымалі іншага рашэння суда, таму прадалі машыну. «Потым яны сказалі, што могуць аддаць грошы за машыну, але мы мусім заплаціць мыта. Гэтае мыта ўвогуле склала нейкую хворую суму – за машыну, якая вартая не больш за пяць тысячаў злотых, накінулі мыту, якая разам з адсоткамі на сёння склала 80 тысячаў злотых», – абураецца спадар Стшэлец.

Цікава, што, як паведаміў парталу «Tut.by» прадстаўнік Памежнага камітэту, Стшэлец мусіць пакінуць краіну, бо ейную візу анулявалі. Аднак тыя ж памежнікі не выпускаюць польку з краіны.

К.Р.,belsat.eu

Стужка навінаў