Апальны рэжысёр, адлічаны з вучэльні за Дзень Волі, паказаў у Бабруйску 5 фільмаў


Максім Буйніцкі – амаль невядомы на Радзіме, у той жа час лаўрэат міжнародных кінафестываляў. У 2004 годзе яго выключылі з Акадэміі мастацтваў пасля ўдзелу ў палітычным перформансе на Дзень Волі. У 2006 годзе пасля няўдалай спробы зноў паступіць у Акадэмію з’ехаў вучыцца ў Кіеў.

Кожны фільм – прыступка

У родным Бабруйску Максім паказаў 5 кароткаметражных фільмаў, знятых ім падчас навучання ва Украіне. Паказ праходзіў у хатняй атмасферы кватэрніку. Гэта была першая прэзентацыя маладым рэжысёрам свайго творчага даробку ў Беларусі. Прэзентуючы фільмы, Максім адзначыў, што кожны з іх – гэта прыступка ў ягоным рэжысёрскім развіцці, бо стужкі здымаліся з 1-га па 5-ы гады навучання ва ўніверсітэце. І ўжо 1-ы фільм – выніковая праца 1-га курсу, зняты ў жанры нямога кіно, зрабіў уражанне нечага большага, чымся проста вучэбнай працы. У аснове фільму “Як тата і мама развіталіся ў тры раўнды” – рэальная гісторыя з жыцця бацькоў аўтара стужкі. Без адзінага слова ў карціне выдатна перададзеныя пачуцці герояў і глыбіня жыццёвай драмы.

Моцнае ўражанне пакідаюць таксама фільмы “Адказ на малітву” і “Доўгі шпацыр – назаўсёды”, зняты паводле аднайменнага раману Курта Вонэгута.

Фільм “Перашкода” на матывы твору Данііла Хармса атрымаў 2 гран-пры фестывалю “Кіналеў” у Львове, перамог на міжнародным фестывалі кіно ў Кіеве і на сусветным фестывалі Нью-Ёркскай акадэміі кіно. Таксама ён увайшоў у зборнік “Сучасная ўкраінская панарама”, што прэзентавалі на “Берлінале-2011”.

{movie}Трэйлер фільму “Матылёк” Максіма Буйніцкага|right|9829{/movie}

“Матылёк”. Фільм пра адсутнасць перспектываў

Апошні фільм Максіма, паказаны гледачам – “Матылёк”, дыпломная праца рэжысёра. Фільм зняты ў 2012 годзе паводле раману ўкраінскай пісьменніцы Тані Малярчук на кінастудыі Аляксандра Даўжэнкі. Стужка сталася адною з пераможцаў конкурсу Дзяржаўнага агенцтва Украіны ў пытаннях кіно, дзякуючы чаму атрымала фінансаванне. Напачатку красавіка сёлетняга года “Матылёк” прэзентуюць на фестывалі “Святая Ганна”, што пройдзе ў Маскве.

Фільм распавядае пра звычайнае жыццё маладых людзей у маленькім правінцыйным паселішчы. “Калі ў мяне з’явілася ідэя гэтага фільму, я вельмі ўзгадваў той стан – “бесперспектыўняк”, калі я сядзеў у Бабруйску пасля выключэння з Акадэміі, без нейкай пэўнай перспектывы, у сваіх мроях. Вось гэтую адзіноту і размовы з самім сабою і хацелася перадаць у фільме”, – дзеліцца Максім, распавядаючы пра стварэнне фільму.

Талент Буйніцкага – адрынуты на Радзіме

У 2004 годзе Максім і яго аднадумцы на Дзень Волі прыкаваліся ланцугамі да слупоў асвятлення на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Максім трымаў плакат з лозунгам “Жыве Беларуская Народная Рэспубліка!”.

Гэтая акцыя выклікала скандал у Акадэміі. Максім тады вучыўся на 1-м курсе. У выніку напрыканцы года будучы рэжысёр атрымаў “двойку” па спецыяльнасці і яго адлічылі з прычыны акадэмічнай непаспяховасці. Максім вярнуўся ў Бабруйск і цягам 3 гадоў працаваў слесарам, грузчыкам, а потым машыністам сцэны ў бабруйскім тэатры, займаўся грамадскаю дзейнасцю.

У 2006 годзе пасля Плошчы, адседзеўшы 10 содняў, хлопец зноў паспрабаваў паступіць у Акадэмію: “Я паступаў на рэжысуру тэлебачання, і на другім іспыце я атрымаў “двойку”, яна была дэманстратыўнаю ды азначала, што ўсё: пытанне са мною закрытае. Тады я пайшоў у камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” і папрасіў дапамогі”. Гэтак маладзён апынуўся ў Кіеве ў Нацыянальным універсітэце тэатру, кіно і тэлебачання.

Летась у верасні Максім вярнуўся ў Беларусь, цяпер жыве ў Бабруйску. На пытанне пра свае творчыя планы рэжысёр адказвае, што пакуль перабывае ў няпэўнасці наконт будучыні, але мае моцнае жаданне нешта далей ствараць, і ствараць у сваёй краіне: “Наступны крок – поўнаметражнае кіно. І хацелася б зняць беларускае кіно на беларускім матэрыяле”.

Наколькі гэта атрымаецца ў існых умовах, якія Максім называе “закрытымі ды загадкавымі”, ён пакуль прадказваць не бярэцца.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў