«Зайсці па бярозавы сок на Круглай плошчы»


Нефармальнымі назвамі не цікавяцца навукоўцы, затое гісторыкі-аматары пра гарадскі фальклор пішуць цэлыя кніжкі.

«Літаральна ўчора дадаў з дзясятак новых словаў на свой сайт «Мінск стары і новы»! – с ходу кажа збіральнік альтэрнатыўнай тапанімікі і даследчык гісторыі Менску Уладзімір Валожынскі. – Мой знаёмы з ЗША даслаў мне. Ён быў нефармалам – ведае розныя штучкі».

Год таму Уладзімір Валожынскі выдаў кнігу «Менск у легендах, міфах і паданнях». Неафіцыйным назвам вуліцаў, будынкаў, кавярняў і нават скульптураў прысвечаны асобны раздзел. Паводле назіранняў даследчыка, прыдумваць і папулярызоўваць новыя неафіцыйныя назвы найбольш схільныя студэнцкія і нефармальныя асяродкі.

«Напрыклад, сталоўку палітэхнічнага ўніверсітэту часта называлі «Бухенвальд» ці «ташнілаўка». Верагодна, якасць прыгатаванай там ежы выклікала гэткія асацыяцыі. Затым словы ўкараніліся ў шырокім ужытку», – тлумачыць «Белсату» Уладзімер Валожынскі.

Спачатку нефармальныя тапонімы ён знаходзіў у газетах і на форумах у Інтэрнэце. Цяпер нярэдка людзі самі шлюць Уладзіміру Валожынскаму новыя словы. Увосень ён збіраецца выпусціць другое выданне сваёй кнігі з дадаткамі і ўдакладненнямі. Даследчык гарадскога фальклору кажа, што на сёння найбольш мае патрэбу ў звестках пра народныя найменні сучасных будынкаў: шкляныя хмарачосы і буйныя комплексы, якія ў апошнія гады растуць у Менску з вялікаю хуткасцю.

Для акадэмічнай лінгвістыкі народныя назвы пакуль інтарэсу не ўяўляюць. Вывучаць нефармальныя тапонімы ў навукоўцаў не стае часу.

«У Акадэміі навук гэткія даследаванні не праводзіліся дакладна, – распавёў вучоны сакратар Інстытуту мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў. – Мы не разабраліся пакуль з асноўнымі пластамі тапанімікі. Гэта больш важна, бо гэта адлюстроўваецца ў самых розных афіцыйных дакументах. Мы не так даўно скончылі даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» з шасці тамоў. У нас непачаты край у [даследаванні] гідраніміі. Народныя назвы – гэта цікава, часта пралівае святло на псіхалінгвістычны, гістарычны аспект паходжання назваў. Але у нас не той стан народнай тапанімікі, каб аддаваць ёй увагу».

Некаторыя нефармальныя назвы

«Дзеці каля прыбіральні», «Помнік шапаголікам» – паводле задумы Уладзіміра Жбанава, скульптура «Пакупнікі» сімвалізуе сярэднестатыстычную сям’ю. Пакуль тата з мамаю дастаюць з кішэняў грошы, сын з дачкою крыўляюцца ў імправізаваную вітрыну. Але ў народнай свядомасці шкляная тумба выклікала зусім іншыя асацыяцыі.

«Кітайская сцяна», «Берасцейская крэпасць», «Бастылія» – шматпавярховікі на вуліцы М. Танка, 4–36 шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго. Менчукам гэткая забудова нагадала Вялікую кітайскую сцяну.

«Круглая плошча» – так называлі плошчу Перамогі яшчэ ў 1950-х гадах, калі яна мела круглую форму. На плошчы ёсць кафэ «Бярозка». «Зайсці па бярозавы сок» – азначае выпіць у гэтай рэстарацыі.

Больш «народных» назваў вы знойдзеце на нашай мапе:



Паглядзець Менскія назвы ў народнай фантазіі на вялікай мапе

Фальклорныя назвы мікрараёнаў

  • «Аўтаз» – раён Менскага аўтамабільнага заводу
  • «Гарлем» – Шабаны
  • «Карлачка» – раён вуліцы Карла Лібкнехта
  • «Курасы» – Курасоўшчына
  • «Лашара» – Лошыца
  • «Лужок» – Зялёны луг
  • «Малява» – Малінаўка
  • «Розачка»- раён вуліцы Розы Люксембург
  • «Серабронкс», «Сербія» – Серабранка
  • «Сухары» – Сухарава
  • «Чыкага» – Чыжоўка

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў