Беларускі краявід: плот з савецкіх кійкоў ад сцягоў з коп’ямі


Самабытную Беларусь на здымках У. Шарнікава паказалі ў Магілёве. Агляд падзеяў культуры

Ягоныя здымкі не пагаджаюцца публікаваць у выдавецтвах, хоць і прызнаюць іх мастацкую і дакументальную вартасць. Ды і выбраць ёсць з чаго: за 10 гадоў няспынных вандровак па Беларусі фатограф Уладзімір Шарнікаў аб’ехаў больш як 2 тысячы населеных пунктаў, зрабіўшы сотні пранізлівых кадраў. На гэтым ён не спыняецца і кажа – ці то жартам ці то ўсур’ёз: “Засталося наведаць яшчэ 22 тысячы гарадоў і сёлаў”.

Уладзімір Шарнікаў бачыць Беларусь такой, якой яе не пакажуць афіцыйныя фотакарэспандэнты – з сельскімі хатамі, хакеем на замерзлым возеры, шэрымі буднямі ды маленькімі святамі.

{movie}Агляд падзеяў культуры|right|9699{/movie}УЛАДЗІМІР ШАРНІКАЎ, ФАТОГРАФ:

“Я дзесяць гадоў фатаграфую краіну такою, якая яна ёсць. Выдатная краіна, але яна чамусьці вымірае: і ў архітэктуры, і ў культуры, і ў людзях. Яна самабытная, яна прыгожая, яна яркая… Гэта радзіма, яе трэба любіць”.

Спарар Шарнікаў упершыню ўзяў фотаапарат, калі нарадзілася ягоная дачка. І больш не выпускаў яго з рук. Дзеля аднаго ўдалага кадру фатограф гатовы зрабіць сотні здымкаў, але на большасці ягоныя мадэлі не пазуюць. Таму здымкі выходзяць жывыя, ад шмат якіх з іх хочацца ці то смяяцца, ці то плакаць.

ГЕНАДЗЬ КАРЧЭЎСКІ, ФАТОГРАФ:

“У адной вёсачцы ён знайшоў плот, зроблены з савецкіх кійкоў для сцягоў з коп’ямі. Ён запытаў: “Як вы ўхітрыліся гэта зрабіць?” Аказалася, ён у момант развалу Саюзу накупіў іх танна – яны нікому не былі патрэбныя, і зрабіў з іх плот. Іронія, гумар і прыгажосць фасадаў домікаў – гэта прыгажосць гэтай выставы”.

Такія пачуцці раздзялілі і ў двух выдавецтвах, куды Уладзімір Шарнікаў заносіў здымкі. Аднак друкаваць матэрыял у абодвух адмовіліся – маўляў, пасля такога адразу закрыюць. Зрэшты, нават на гэтай выставе цэнзуру прайшлі не ўсе працы – 5 з іх адсеялі. Тыя ж, што трапілі на экспазіцыю, можна паглядзець у Выставачнай зале Магілёва да канца сакавіка.



Іншыя тэмы: у Індыі паўстаў новы Папа Рымскі з пяску. Ірландскі музей лепрыконаў прымае ўсё больш наведнікаў.

Мар’яна Чарняева, belsat.eu

Стужка навінаў