news
Аналітыка
Ці сапраўды беларуская апазіцыя раз’яднаная? Наколькі гэта крытычна для зменаў у Беларусі
Палітыкі – гэта не вайскоўцы, каб хадзіць строем.
14.09.202315:00

Сваркі і падзелы пераследуюць беларускую апазіцыю з 1990-х гадоў. І нават цяпер, пасля падзеяў 2020 года і ва ўмовах расейска-ўкраінскай вайны, дэмакратычныя сілы не здольныя да канца аб’яднацца. Але ці настолькі гэта крытычная праблема і ці сапраўды ўсім трэба аб’ядноўвацца з усімі?

У рэдакцыю «Белсату» 13 верасня ад імя Лодзьскай харугвы Паспалітага рушэння даслалі зварот «да ўсёй нашай апазіцыі і да ўсіх арганізацыяў з мэтай аб’яднання ўсіх разам».

«Усё развальваецца, у нас няма еднасці. У нас дзесяць тысячаў арганізацыяў, мільёны – і ўсе паасобку. Усе сруцца, усе варагуюць адзін супраць аднаго. Як можна нармальна думаць аб нейкай незалежнай Беларусі, калі мы не можам сабрацца тут зараз і нешта выказаць», – заявіў у відэазвароце чалавек з пазыўным Вітаўт.

Паводле яго, сваркі ў апазіцыі ідуць толькі на карысць рэжыму. У якасці прыкладу ён прывёў расколы ў BYPOL, Паспалітым рушэнні, палку Каліноўскага.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на канферэнцыі «Новая Беларусь». Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Вітаўт адзначыў, што трэба «супрацоўнічаць адзін з адным, трымацца разам».

«У 2020 годзе нас было шмат. У нас не было нейкага адзінага лідара або шмат розных арганізацыяў – людзі выходзілі на мітынгі пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня. Гэта нас аб’ядноўвала. Наша культура, наша мова і ўсё астатняе. Зараз мы назіраем фактычна тое, што нашая апазіцыя бесхрыбетная. Мы не можам нічога зрабіць на гэты момант, таму я клічу ўсіх да таго, каб аб’яднацца і супрацоўнічаць разам», – падкрэсліў Вітаўт.

«І паважаць адзін аднаго. І не паліваць адзін аднаго г…м на ўсялякіх стрымах і YouTube-каналах», – дадаў ягоны паплечнік.

Галоўныя ўмовы аб’яднання

Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение», у размове з «Белсатам» падкрэсліў, што не трэба ствараць з адзінства «нейкі фетыш, нейкую самамэту».

«Часам падаецца, што адзінства – гэта нейкая чароўная палачка. Што мы зараз усе аб’яднаемся і разам здолеем нешта немагчымае. Але так проста гэта не працуе», – заявіў аналітык.

Паводле яго, адзінства патрэбнае тады, калі ёсць разуменне, для якой канкрэтнай задачы яно неабходнае. Прычым не мэты (вольная Беларусь), а менавіта задачы на кароткую ці сярэднюю перспектыву. Таксама патрэбнае разуменне таго, хто і які рэсурс мае для аб’яднання.

«2020 год нам добра дэманстраваў, што калі гэтыя два фактары сходзяцца, то адзінства ў выглядзе сутнасных дамоўленасцяў дасягаецца літаральна за 15 хвілінаў», – сказаў Мажэйка.

Ён нагадаў, што тры гады таму былі зразумелыя і кароткатэрміновая мэта (прэзідэнцкія выбары), і рэсурсы (штабы трох найбольш папулярных кандыдатаў і афіцыйная рэгістрацыя ў Святланы Ціханоўскай).

«А цяпер няма ні таго, ні другога», – падкрэсліў суразмоўца.

У каго якія рэсурсы

Цяпер, на думку аналітыка, унікальныя рэсурсы ў выглядзе пэўнай легітымнасці маюць Ціханоўская і афіляваныя з ёю Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада. Менавіта таму пытанне пра адзінства ўзнікае менавіта да іх, а не да іншых структураў, заявіў Мажэйка.

«Пытанне ўзнікае да моцных», – дадаў ён.

Ва ўсіх астатніх палітычных актараў, адзначыў аналітык, няма ўнікальных рэсурсаў. Таксама, паводле яго, не зразумела, дзеля якой мэты аб’ядноўвацца і чым канкрэтна займацца разам, чаго не могуць зрабіць дзеячы ці структуры паасобку.

Пры гэтым, паводле Мажэйкі, нават тыя, хто моцна не любіць Офіс Ціханоўскай, «ажно да нянавісці», прызнаюць яго галоўнай палітычнай сілай і чакаюць менавіта ад яго нейкага аб’яднання.

«У выніку існуе, наколькі гэта магчыма, адзінства ў тым, што ўсе так ці інакш – у пазітыўным ці негатыўным сэнсе – прызнаюць Офіс Ціханоўскай», – лічыць суразмоўца.

Мажэйка падкрэсліў, што ў афіляваных з Офісам структурах ёсць самыя розныя палітыкі і структуры як са старой, гэтак і з новай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, былыя прадстаўнікі ўладаў. На думку Мажэйкі, гэтая і ёсць «той максімум аб’яднання, які магчымы і які патрэбны». Пры гэтым ён адзначыў, што тыя, хто не аб’ядноўваецца з Ціханоўскай, не спяшаюцца аб’яднацца нават паміж сабой, як то структуры, звязаныя з Зянонам Пазняком і Валерам Цапкалам.

Прычыны неаб’яднання суразмоўца бачыць у персанальных пазіцыях палітыкаў, унутраных канфліктах, ідэалагічных разыходжаннях, якія пачынаюць пераважаць пры адсутнасці перспектыўнай кароткатэрміновай задачы.

«У амбіцыях няма нічога дрэннага, але калі гэтыя амбіцыі большыя за рэсурсы, узнікае праблема», – заявіў аналітык.

Паводле яго, у большасці з апазіцыйных да Ціханоўскай структураў няма бачных рэсурсаў па-за сацыяльнымі сеткамі, паспяховых структураў і кампаніяў за апошнія гады. Ёсць праблемы і з колькасцю асобаў, вядомых сваёй публічнай дзейнасцю:

«Ёсць Пазняк, ёсць Усаў, ёсць Шчыгельскі, але нейкага чацвёртага чалавека ў іх палітычнай сіле цяжка назваць. Тым больш гэта датычна спадарыні Карач. Хто другі чалавек у арганізацыі «Наш дом»? Не нейкія ноўнэймы, а нехта вядомы? Калі мы кажам пра Цапкалаў, то ёсць муж і жонка, а хто трэці?»

Мажэйка падкрэслівае, што «ўсе гэтыя структуры не валодаюць надта важным рэсурсам, а тым больш унікальным».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэсавая канферэнцыя Зянона Пазняка, Паўла Усава, Змітра Шчыгельскага з удзелам Вадзіма Кабанчука ў Беларускім доме ў Варшаве, Польшча. 7 лютага 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Таму няма практычнай магчымасці і сэнсу, каб гэтыя структуры аб’ядналіся ці то паміж сабой, ці то з офісам Ціханоўскай», – падкрэсліў Мажэйка.

Аб’ядноўвацца, «толькі каб не чуць крытыкі – не надта моцны аргумент», дадаў аналітык. На ягоную думку, калі нехта хоча, каб з ім аб’ядноўваліся і з ім лічыліся, «трэба працаваць не над аб’яднаннем і гучней пра гэта крычаць, трэба працаваць над нейкім цікавым рэсурсам». Напрыклад, здольнасць заахвочваць беларусаў, або «запальваць сэрцы еўрапейскіх палітыкаў», або добра прыцягваць фінансы, або мець сувязі ў Беларусі ці з медыямі – «абсалютны любы рэсурс».

«Тады з табой пачнуць лічыцца, звяртаць на цябе ўвагу», – мяркуе суразмоўца.

Але і пры гэтым, заявіў аналітык, трэба яшчэ быць дамоваздольным, бо ў любой сферы існуюць людзі, з якімі «немагчыма дамовіцца, з якімі немагчыма працаваць разам, якія не ўмеюць адэкватна ацэньваць сябе і сваю значнасць».

Сваркі не перашкода

Агулам Мажэйка падкрэсліў, што сваркі ў апазіцыі – гэта цалкам нармальная з’ява, тым больш што «палітыкі, якія імкнуцца да дэмакратыі, – гэта не вайскоўцы, якія прызвычаіліся хадзіць строем».

«У гэтых людзей розныя меркаванні. Яны кладуць сваё жыццё за тое, каб мець магчымасць свае розныя меркаванні выказваць. Пытанні толькі, гэта спрэчкі паводле сутнасці, ці нехта проста кагосьці ненавідзіць», – заявіў суразмоўца.

Ён дадаў, што толькі дзякуючы канструктыўным спрэчкам можна выпрацаваць нейкія аргументы за ці супраць нейкай пазіцыі. «Не здарова, калі ўсе палітыкі ходзяць строем і па ўсіх пытаннях маюць аднолькавае меркаванне», як гэта назіраецца сярод праўладных палітыкаў, адзначыў эксперт.

На думку Мажэйкі, сучасныя сваркі таксама не перашкодзяць дэмакратычным сілам у патрэбны момант далучыцца да зменаў у Беларусі, як увесну 2020 года праймерыз палітычных партыяў «са спрэчкамі і бессэнсоўнымі канфліктамі» не перашкодзілі падзеям лета – восені 2020 года.

Мажэйка мяркуе, што «калі будзе патрэбны момант, тыя, хто будзе мець магчымасць і рэсурсы, нармальна аб’яднаюцца, а тыя, хто будзе няздольны, застануцца з боку гісторыі, і ніхто нават не згадае, а дзе там яны».

Фота вокладкі: Белсат

Макар Мыш belsat.eu