Кім Чэн Ын і Пуцін сустрэліся на касмадроме «Усходні»


Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын сустрэліся на касмадроме «Усходні». Цырымонія сустрэчы адбылася каля галоўнага ўваходу ў мантажна-выпрабавальны корпус ракет-носьбітаў, паведамляе прэс-служба Пуціна.

Уладзімір Пуцін назірае перад прыбыццём Кім Чэн Ына на касмадроме «Усходні», Расея. 13 верасня 2023 года.
Фота: Sputnik / Reuters / Forum

Пры сустрэчы лідар КНДР падзякаваў расейскаму прэзідэнту за запрашэнне і цёплы прыём, перадае ТАСС. «Вельмі рады вас бачыць, тым больш, што такія падзеі былі: 75 гадоў утварэння рэспублікі, 70-годдзе перамогі ў Вялікай вайне за вызваленне, 75 гадоў устанаўлення дыпламатычных адносін», – звярнуўся Пуцін да Кім Чэн Ына.

«Дзякуй, што нягледзячы на сваю занятасць запрасілі нас і цёпла прынялі», – адказаў лідар Паўночнай Карэі.

Кіраўнік КНДР прыбыў на бронецягніку на чыгуначную станцыю касмадрома і спыніўся на пуцях каля мантажна-выпрабавальнага корпуса. Паведамляецца, што да яго вагона падалі трап з чырвонай дарожкай, па баках ад якога ўсталі вайскоўцы ганаровай варты Ўсходняй ваеннай акругі са сцягамі дзвюх краін. Пуцін прыбыў на касмадром «Усходні» з Прымор’я, дзе напярэдадні прымаў удзел ва Усходнім эканамічным форуме.

«Лідары агледзелі аб’екты новага касмадрома – зборачны цэх ракеты-носьбіта касмічнага ракетнага комплексу “Ангара”, стартавы комплекс касмічнага ракетнага комплексу “Саюз-2” і стартавы комплекс, які будуецца для “Ангары”, – паведамляе прэс-служба.

Меркавана, што 13 верасня яны могуць правесці перамовы аб пастаўках паўночнакарэйскага ўзбраення расейцам.

Для Кім Чэн Ына гэта першая паездка за межы Паўночнай Карэі пасля пандэміі каронавіруса, пра якую вядома. Да гэтага Кім Чэн Ын прыязджаў у Расею ў красавіку 2019 года. Тады перамовы з Пуціным праводзіліся ва Уладзівастоку. Гэта была іх першая сустрэча.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў