Аўтуховіч заяўляе пра паказанні пад катаваннямі, а СБ выдаляе частку свайго рэпартажу з суду


У Гародні працягваецца суд над «групай Аўтуховіча». Беларусаў вінавацяць у замаху на тэрарызм і экстрэмісцкай дзейнасці. Сёння ў судовым паседжанні сведчыў сам Мікалай Аўтуховіч. Палітвязень адзначыў, што падсудныя давалі сведчанні пад катаваннямі і ціскам. Словы Аўтуховіча нават апублікавала праўладнае выданне СБ, аднак потым іх выдалілі, паведамляе «Вясна».

Мікалай Аўтуховіч на судзе. Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

13 чэрвеня былы «афганец» і прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч заявіў пра невінаватасць іншых фігурантаў справы. Ён настойвае, што сведчанні супраць сябе гэтыя людзі давалі пад катаваннямі і ціскам. Палітвязень заявіў, што сведчанні сям’і праваслаўнага святара Разановіча выбівалі сілай і псіхалагічным ціскам. Аўтуховіч дадаў, што іх абвінавачваюць выключна праз тое, што ён спыняўся ў іх дома ў Берасці.

«Следства падае справу так, што мы збіраліся ў гэтым доме для таго, каб будаваць планы па звяржэнні ўлады – гэта глупства. Я адкажу на любыя пытанні, каб зняць усе абвінавачванні з гэтых людзей. Гэтыя людзі не мелі паняцця аб маёй дзейнасці. Ніякай зброі яны не бачылі», – казаў на судзе Аўтуховіч.

Нагадаем, што некалькі дзён таму Любоў Разановіч сведчыла ў судзе, што следчыя вельмі шмат прыпісалі, што не адпавядае праўдзе.

Адметна тое, што СБ выдаліла са свайго рэпартажу пра суд над Аўтуховічам кавалак тэксту, дзе ён заяўляў, што фігуранты справы давалі сведчанні супраць сябе пад катаваннямі і ціскам.

СБ выдаліла са свайго рэпартажу пра суд над Аўтуховічам кавалак тэксту, дзе ён заяўляў, што фігуранты справы давалі сведчанні супраць сябе пад катаваннямі і ціскам. Скрыншот: spring96.org

Першапачаткова ў рэпартажы з судовага пасяджэння былі словы наступныя словы Аўтуховіча:

«Падаваць гэта так, што мы збіраліся ў гэтым доме для таго, каб будаваць планы па звяржэнні ўлады, – гэта глупства. Я адкажу на любыя пытанні, каб зняць усе абвінавачванні з гэтых людзей. Гэтыя людзі не мелі ўяўлення аб маёй дзейнасці. Ніякую зброю яны не бачылі. Я спецыяльна нікому нічога не паказваў. Іх трымаюць тут толькі таму, што яны знаёмыя са мной. Ні аднаго доказу іх віны ў справе вы не знойдзеце. Паказанні, якія яны далі ў дачыненні да саміх сябе, былі атрыманы пад катаваннямі і моцным псіхалагічным ціскам».

Нагадаем, што 18 траўня пачаўся судовы працэс над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую групу Аўтуховіча. Палітвязняў вінавацяць у тым ліку ў тэрарызме. Самому Аўтуховічу выставілі ажно 10 артыкулаў абвінавачвання.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў