Ізраіль адбіўся ад нападу Ірану і абяцае адпомсціць. ЗША не хочуць атакаваць Тэгеран


Іран у ноч з 13 на 14 красавіка разам са сваімі саюзнікамі атакаваў Ізраіль. Па краіне былі запушчаныя сотні дронаў і ракетаў. Частку з іх збілі яшчэ на падлёце, але некаторыя ўсё ж даляцелі да Ізраілю. Ёсць ахвяры.

Два ізраільскія чыноўнікі паведамілі The New York Times, што Іран выпусціў 185 дронаў і 36 крылатых ракет. Большая частка дронаў і ракет была выпушчаная з Ірану, невялікая частка была запушчаная з Іраку і Емена. Іран таксама выпусціў у бок Ізраілю 110 ракет класа «зямля-зямля».

Запуск іранскіх ракет па Ізраілі.
Фота: irna.ir

13:19. Кіраўнік Корпуса вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі Гусэйн Саламі заявіў, што ўдар па Ізраілю стаўся больш паспяховым, чымся чакалася. Як сказаў генерал іранскім медыям, інфармацыя яшчэ збіраецца, аднак «тыя ўдары, пра якія маюцца падрабязныя і задакументаваныя справаздачы з месцаў, паказваюць, што аперацыя была больш паспяховаю, чымся планавалася».

Ён пры гэтым прызнаў, што ізраільская сістэма СПА – складаная, шматузроўневая і перадавая.

Іран абвесціў, што аперацыя супраць Ізраілю завершаная, і прыгразіў, што калі габрэйская дзяржава адкажа на атаку, то Тэгеран учыніць новы, больш магутны напад.

11:36. Іярданія растлумачыла, чаму збівала іранскія дроны і ракеты. Як заявіў урад, піша «The Associated Press», гэта было зроблена дзеля бяспекі ўласных грамадзянаў і жылых раёнаў. Абломкі ўпалі ў некаторых месцах, аднак не нанеслі істотнай шкоды, ніхто не пацярпеў.

Раней са спасылкаю на «мясцовыя медыі» паведамлялася, што ў Іярданіі тры асобы загінулі пасля падзення збітага беспілотніка. Улады краіны гэта зняпраўдзілі.

10:58. «Хамас» ухваліў іранскую атаку на Ізраіль, перадае «The Times Of Israel»:

«Мы лічым вайсковую аперацыю ісламскай рэспублікі натуральным правам і заслужаным адказам на злачынства, звязанае з атакаю на іранскае консульства ў Дамаску і забойствам некалькіх лідараў Корпуса вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі».

09:10. Ізраіль склікаў паседжанне Рады бяспекі ААН, яно мае прайсці сёння, 14 красавіка а 16-й гадзіне паводле нью-ёркскага часу. Як піша выданне The Guardian, найхутчэй да гэтага часу Тэль-Авіў устрымаецца ад ужывання сілы ў адказ.

У сваю чаргу The New York Times цытуе ізраільскага чыноўніка, што «адказ Ізраілю будзе ўзгоднены з яго саюзнікамі».

08:54. Ізраіль «цесна супрацоўнічае» з ЗША, Вялікай Брытаніяй і Францыяй, заявіў кіраўнік прэс-службы ЦАХАЛ Даніэль Хагары, дадаўшы, што ўсе бакі «дзейнічалі сёння ноччу» падчас іранскіх удараў.

08:35. Праз новы віток эскалацыі на Блізкім Усходзе, жыхары Лівану стаяць у чэргах на бензастанцыях, каб купіць паліва для аўтаў.

Бэйрут, Ліван. 14 красавіка 2024 года.
Фота: AA / Abaca Press / Forum

08:15. Кітай «глыбока занепакоены» эскалацыяй напружанасці на Блізкім Усходзе, заявіў 14 красавіка прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Кітаю. А вось міністэрства замежных справаў Беларусі пакуль ніяк не адрэагавала на атаку Ірану супраць Ізраілю.

08:10. Адказ Ізраілю павінен быць вельмі акуратным. Трэба памятаць, што большая частка жыхароў Ірану – праціўнікі кіроўнага рэжыму, пра гэта піша расейскі паліттэхнолаг Абас Галямаў, які цяпер пражывае ў Ізраілі.

Падчас апошняга даследавання іранскай грамадскай думкі эксперты з GAMAAN задалі тамтэйшым рэспандэнтам пытанне: «Ісламская рэспубліка – так ці не?»

«Так» сказалі 17 % апытаных, «не» – 75 %.

GAMAAN – група даследчыкаў іранскай грамадскай думкі, якая базуюцца ў Нідэрландах. Апытанні яны праводзяць праз Інтэрнэт, але ўзровень пранікнення Інтэрнэту ў Іране вельмі высокі (82 % мясцовых жыхароў зʼяўляюцца яго карыстальнікамі), і гэта дае падставу лічыць дадзеныя адносна рэпрэзентатыўным.

Людзі са сцягамі Ірану на акцыі ў падтрыманне нападу на Ізраіль. Тэгеран, Іран. 14 красавіка 2024 года.
Фота: AA / Abaca Press / Forum

08:00. Паветраная прастора над Ізраілем ізноў адкрыта, паведаміў 9 канал Ізраілю. Раней было паведамленне, што ізраільская авіякампанія El Al адмяняе рэйсы з-за закрытай паветранай прасторы.

Інфармацыя па стане на 9 раніцы паводле Менску.
Скрыншот: www.flightradar24.com

07:50. Паводле ратавальнікаў Ізраілю, пакуль няма паведамленняў аб параненых непасрэдна ў выніку іранскіх удараў. Тым не менш, служба хуткай дапамогі Ізраілю заявіла, што 31 асоба атрымалі нязначныя траўмы, калі накіроўваліся ў сховішчы. Раней служба хуткай дапамогі Ізраілю заявіла, што даставіла ў больніцу 7-гадовую дзяўчынку, якая атрымала цяжкую траўму галавы з-за аскепкаў ракеты, запушчанай для перахопу іранскага дрона. Таксама паведамляецца пра 10-гадовага хлопчыка з раёну Арад, які знаходзіцца ў цяжкім стане.

07:42. Уначы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паразмаўляў з прэм’ер-міністрам Ізраілю Бэньямінам Нэтаньягу. Як піша CNN са спасылкаю на крыніцы, амерыканскі лідар заявіў, што Іерусалім мае лічыць сябе пераможцам, бо «атака Ірану была збольшага беспаспяховаю і прадэманстравала больш магутны вайсковы патэнцыял Ізраілю».

Акрамя таго, паводле неафіцыйных звестак, Байдэн сказаў Нэтаньягу, што ЗША не будуць удзельнічаць у наступальных аперацыях супраць Ірану ў адказ.

Раней прэзідэнт Злучаных Штатаў заявіў, што амерыканскія вайскоўцы дапамаглі Ізраілю перахапіць амаль усе іранскія ракеты і беспілотнікі, перадае агенцыя «The Associated Press»:

«Каб падтрымаць абарону Ізраілю амерыканскія вайскоўцы перакінулі ў рэгіён самалёты і эсмінцы цягам апошняга тыдня. Дзякуючы гэтаму, а таксама надзвычайнаму майстэрству нашых вайскоўцаў мы дапамаглі Ізраілю збіць амаль усе беспілотнікі і ракеты».

07:40. Першая публічная рэакцыя прэмʼер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу, ён напісаў у Х: «Мы перахапілі. Мы заблакавалі. Разам мы пераможам».

07:30. Для прэзідэнта ЗША Джо Байдэна атака на Ізраіль з боку Ірану – гэта сцэнар, якога ён вельмі імкнуўся пазбегнуць з пачатку крызісу на Блізкім Усходзе. Расце рызыка больш шырокага рэгіянальнага канфлікту, які можа непасрэдна ўцягнуць Злучаныя Штаты разам з іншымі краінамі, піша CNNБайдэн знаходзіцца ў цяжкай пазіцыі, ён абяцаў непахісную падтрымку Ізраілю і адначасова ён спрабуе перадухіліць новую вайну з удзелам Злучаных Штатаў, пішуць журналісты CNN.

Белы дом, Вашынгтон, ЗША. 13 красавіка 2024 года.
Фота: Bonnie Cash / Reuters / Forum

07:20. Міністр абароны ЗША Лойд Осцін заявіў, што сілы ЗША перахапілі «дзясяткі» ракет і ўдарных беспілотнікаў, запушчаных па Ізраілю з Ірану, Іраку, Сірыі і Емена. Узброеныя сілы ЗША гатовыя абараняць войскі ЗША і Ізраіль, сказаў ён.

Пентагон паведаміў, што міністр абароны Лойд Осцін размаўляў са сваім ізраільскім калегам, «каб абмеркаваць неадкладныя рэгіянальныя пагрозы… і даў зразумець, што Ізраіль можа разлічваць на поўную падтрымку ЗША ў абароне Ізраілю ад любых нападаў з боку Ірану і яго рэгіянальных проксі».

07:05. Ізраільскі тэлеканал 12 са спасылкай на неназванага ізраільскага чыноўніка заявіў, што на напад будзе «значны адказ», пра гэта паведамляе Reuters.

05:45. Карэспандэнт The New York Times у Ізраілі піша: «Міністэрства замежных спраў Ірану заявіла, што напад на Ізраіль быў «абарончай мерай», якая паказвае яго «адказны падыход да рэгіянальнага і міжнароднага міру і бяспекі». Паветраная атака выклікала асуджэнне з боку саюзнікаў Ізраілю і папярэджанне аб рызыцы далейшай эскалацыі на Блізкім Усходзе.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн скліча сустрэчу лідараў G7 у нядзелю 14 красавіка, каб выпрацаваць тое, што ён назваў «абʼяднаным дыпламатычным адказам на нахабную атаку Ірану».

Супрацьракетная сістэма працуе пасля таго, як Іран запусціў беспілотнікі і ракеты ў бок Ізраілю. Ізраіль, 14 красавіка 2024 г.
Фота: Amir Cohen / Reuters / Forum

04:00. Атака Ірану, здаецца, скончылася. Ізраільскае камандаванне тылу адмяніла распараджэнне для жыхароў поўначы Галанскіх вышынь і шэрагу раёнаў на поўдні краіны аб неабходнасці заставацца паблізу бамбасховішчаў.

03:30. Першыя загінулыя. Армія абароны Ізраілю паведамляе, што агулам было выпушчана па Ізраілі больш як 200 ракет розных тыпаў. Большая частка ракет была перахопленая, частка ўпала на тэрыторыі Ізраілю. Іранскі абстрэл нанёс нязначную шкоду адной ізраільскай вайсковай базе, сцвярджаюць у войску Ізраілю. У Іране заяўлялі аб траплянні па ізраільскай базе, якая знаходзіцца ў пустэльні Нэгеў.

У Іярданіі кажуць пра траіх загінулых у выніку падзення іранскага дрона-камікадзэ.

У выпадку адказу Ізраілю на дзеянні Ірану наступная рэакцыя Тэгерану будзе двайной сілы, перадае іранскае агенцтва Tasnim са спасылкай на крыніцы.

Hавiны
«Усё неба ў агнях і выблісках ад перахопаў». Жыхар Ізраілю пра абстрэл з боку Ірану
2024.04.14 03:43

03:00. Ізраільскае выданне Ynet піша, што 99% ракет і БПЛА, выпушчаных па Ізраілі, былі перахопленыя. Сігналы трывогі былі чутныя ў Ерусаліме, Бээр-Шеве, Дымоне, Арадзе, на поўначы Галанскіх вышынь і ў дзясятках іншых населеных пунктаў па ўсёй краіне. Ізраіль рыхтуецца да некалькіх дзён супрацьстаяння з Іранам, паведамляе радыёстанцыя Kan.

Іран парушыў Статут ААН і ўяўляе пагрозу міру і бяспецы, заявіў сталы прадстаўнік Ізраілю. Генеральны сакратар ААН заявіў, што асуджае атаку Ірану, і заклікаў неадкладна яе спыніць.

У сваю чаргу Ynet са спасылкай на ізраільскую крыніцу адзначае, што адказ Ізраілю будзе «значным і магутным».

02:30. Першы паранены. Сірыйскія крыніцы паведамляюць, што паветраныя сілы Ізраілю наносяць цяпер удары па цэлях у раёне міжнароднага аэрапорту Дамаска ў Сірыі. У сваю чаргу КВІР Ірану заявіў, што «паспяхова знішчыў» мэты на «акупаваных» Ізраілем тэрыторыях. У іранскіх медыях публікуюць кадры, як сцвярджаецца, прылётаў па аб’ектах дзесьці на поўдні Ізраілю.

Аскепкі ракеты, збітай над сталіцай Іярданіі Аманам, упалі на горад, перадаюць мясцовыя СМІ. У Ізраілі ёсць першы паранены – гэта 10-гадовы хлопчык з бедуінскага гораду недалёка ад Араду, ён у цяжкім стане.

Ізраіль плануе «сурʼёзны адказ» на беспрэцэдэнтны залп іранскіх беспілотнікаў, паведаміў «12 канал» са спасылкай на неназванага высокапастаўленага ізраільскага чыноўніка.

Людзі на вуліцах Тэгерану падтрымліваюць атаку на Ізраіль.
Фота: irna.ir

02:20. Ізраільскія медыі паведамляюць, што беспілотнікі і ракеты былі запушчаныя па Ізраілю не толькі з Ірану, але таксама з тэрыторыі Іраку, Сірыі, Лівана і Емена, дзе дзейнічаюць дружалюбныя з Іранам тэрарыстычныя групоўкі. ABC News са спасылкай на высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка паведамляе, што на Ізраіль запушчана сумарна ад 400 да 500 беспілотнікаў.

Тэрарыстычная групоўка «Хізбула» сцвярджае, што выпусціла дзясяткі ракет з Лівану па ізраільскай вайсковай базе на Галанскіх вышынях. Цагаль у адказ нанёс удары па цэлях у Ліване.

Ізраільскія медыі паведамляюць, што Ізраіль пачаў перахопліваць Іранскія беспілотнікі над Сірыяй і Іярданіяй. Амерыканскія войскі збілі частку іранскіх беспілотнікаў, якія накіроўваліся ў Ізраіль, распавёў ABC News амерыканскі чыноўнік. Паступаюць паведамленні і пра тое, што дроны збіваюць войскі Іярданіі.

Прэс-сакратар Цагалю Даніэль Хагары падчас прэс-канферэнцыі 13 красавіка.
Фота: timesofisrael.com

Міністр абароны Ірану генерал Магамад Рэза Аштыяні папярэдзіў любую краіну, якая дазволіць Ізраілю выкарыстоўваць сваю паветраную прастору або тэрыторыю для нападу на Іран, што яны сутыкнуцца з «рашучым адказам» з боку Ірану. Місія Ірану ў ААН заявіла, што Іран рэалізуе сваё права на самаабарону ў адпаведнасці з артыкулам 51 Статута ААН (напад у мэтах самаабароны) пасля нападу ў Дамаску.

«Пытанне вычарпанае, але Ізраільскі рэжым можа здзейсніць яшчэ адну памылку і тады рэакцыя Ірану будзе значна больш жорсткай. Гэта канфлікт паміж Іранам і ізраільскім рэжымам, ЗША павінны трымацца далей ад таго, што адбываецца, бо гэта справа тычыцца Ізраілю і Ірану. Краіны рэгіёну былі папярэджаныя Іранам па дыпламатычных каналах перад пачаткам іранскай атакі», – гаворыцца ў заяве.

У Ізраілі абвешчаная паветраная трывога, працуе СПА. Мясцовыя СМІ паведамляюць пра выбухі ў Ерусаліме.

02:00. Корпус вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі абвясціў пра запуск дзясяткаў дронаў і ракет у кірунку Ізраілю. У заяве КВІР сказана: «У адказ на розныя злачынствы сіянісцкага рэжыму, уключаючы напад на консульскі аддзел Ірану ў Дамаску і гібель шэрагу камандзіраў і вайсковых дарадцаў нашай краіны ў Сірыі, сілы аэракасмічных войскаў КВІР абстралялі пэўныя мэты ўнутры акупаваных тэрыторый, выпусціўшы дзясяткі ракет і дронаў».

00:30. Звязаныя з уладамі Ірану медыі паведамляюць, што Тэгеран запусціў трэцюю хвалю беспілотнікаў па Ізраілі. Армія абароны Ізраілю агулам адсочвае больш як 100 беспілотнікаў, якія накіроўваюцца з Ірану.

Паведамляецца, што Ізраіль пачаў перахоп іранскіх беспілотнікаў над Іярданіяй і Сірыяй. Цагаль таксама паведаміў, што нанёс удары па пазіцыях «Хізбулы» на поўдні Лівану ў адказ на ранейшую атаку беспілотнікаў.

Ірак закрыў сваю паветраную прастору праз атаку Ірану, а Іярданія абвясціла надзвычайнае становішча. Сірыйская армія прывяла свае ракетныя сістэмы ў стан павышанай баявой гатовасці. Габрэйскія супольнасці ў Еўропе ўступілі ў стан «павышанай пільнасці».

23:20. У заяве Міністэрства абароны Ізраілю гаворыцца, што вайскоўцы адсочваюць усе беспілотнікі, запушчаныя на Ізраіль з Ірану. Тым часам іранскія медыі паведамляюць, што Тэгеран запусціў на Ізраіль другую хвалю беспілотнікаў.

23:00. Паводле ізраільскіх медыяў, з Ірану запушчаныя ад дзясяткаў да соцень дронаў. Час палёту мусіць заняць некалькі гадзін. Чакаецца, што яны прыляцяць пасля 5-й раніцы паводле мясцовага часу.

22:55. Іран увечары 13 красавіка пачаў атаку на Ізраіль дзясяткамі беспілотнікаў, паведаміў аглядальнік Axios са спасылкай на чыноўнікаў Ізраіля і ЗША. Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу запісаў тэрміновы зварот да грамадзянаў: Ізраіль гатовы «да любога сцэнару, як у абароне, так і ў нападзенні». І адкажа на атаку Ірану.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн перапыніў адпачынак у штаце Дэлавэр, і ўжо 13 красавіка вернецца ў Вашынгтон, паведаміла CNN. Прычынай гэтага стала неабходнасць «правесці кансультацыі з камандай у пытаннях нацыянальнай бяспекі наконт падзеяў на Блізкім Усходзе». Раней меркавалася, што Байдэн вернецца ў Вашынгтон толькі 14 красавіка.

«Times of Israel» адзначае, што прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу вырашыў позна ўвечары 13 красавіка склікаць ваенны кабінет, а затым больш шырокі кабінет бяспекі на тле чаканага контрудару з боку Ірану.

Тым часам Іярданія часова закрыла сваю паветраную прастору з вечара 13 красавіка для ўсіх самалётаў на фоне пагрозы контрудару Ірану па Ізраілі. Два рэйсы эмірацкай авіякампаніі «Fly Dubai» павярнулі назад у бок Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў пасля ўзлёту ў бок Ізраілю праз занепакоенасці адносна пагрозы Ірану або рашэння Іярданіі закрыць сваю паветраную прастору. Таксама паведамляецца пра закрыццё паветранай прасторы ў Ізраілі і Іране ды пра крупныя збоі ў сістэме GPS у краінах Блізкага Усходу.

«Al Jazeera» са спасылкай на свае крыніцы ў амерыканскай адміністрацыі паведамляе, што ЗША лічаць, што Іран можа атакаваць тэрыторыю Ізраілю раніцай 14 красавіка.

Абвастрэнне паміж Ізраілем і Іранам звязанае з тым, што 1 красавіка ў выніку авіяўдару па будынку консульства Ірану ў Дамаску загінулі сем чальцоў іранскага Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі, у тым ліку высокапастаўлены брыгадны генерал Магамад Рэза Загэдзі і ягоны намеснік, генерал Магамад Гадзі Хаджы Рагімі. Агулам ахвярамі атакі зрабіліся 13 чалавек.

Ізраіль афіцыйна не ўзяў на сябе адказнасці за авіяўдар, аднак Тэгеран публічна паабяцаў пакараць Ізраіль. Спецслужбы чакалі нанясення іранскага ўдару яшчэ на мінулым тыдні.

12 красавіка саюзная Ірану арганізацыя «Хізбула» атакавала Ізраіль прыкладна 40 ракетамі. Некаторыя ракеты былі перахопленыя, астатнія ўпалі на адкрытых тэрыторыях.

А 13 красавіка спецназ іранскага Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі захапіў партугальскі кантэйнеравоз «MSC Aries», які належыць кампаніі ізраільскага мільярдэра.

Аналітыка
Ізраіль рыхтуецца да нападу Ірану. Ці можа распачацца поўнамаштабная вайна?
2024.04.05 19:17

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў