Chatham House: амаль палова беларусаў не падтрымлівае Расею ў вайне з Украінай


Такія звесткі прыводзіць аналітычны цэнтр Chatham House на падставе апытання, праведзенага ў сакавіку 2023 года. Удзел у ім узялі больш за 800 беларусаў.

Згодна з апытаннем 44% беларусаў выказалі нязгоду з дзеяннямі расейскай арміі. Але сярод аўдыторыі дзяржаўных медыяў доля тых, хто падтрымлівае поўнамаштабнае ўварванне, складае 53%. Дзеянне расейскіх войскаў беларусы часцей лічаць эфектыўнымі, а перамога ў вайне, на думку 46% рэспандэнтаў, будзе за Расеяй. Доля ж тых, хто верыць у тое, што пераможа Украіна, за год скарацілася з 21 да 15%. Размяшчэнне расейскай ядравай зброі падтрымлівае 25% рэспандэнтаў.

Падтрымка вайны ва Украіне. Скрыншот з прэзентацыі Chatham House за сакавік 2023 года

Гэтыя лічбы ў эфіры «Белсата» пракаментаваў Рыгор Астапеня, кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» Chatham House. Ён адзначыў, што самае істотнае ў праведзеным апытанні тое, што яно паказвае «досыць устойлівы характар таго, што большасць беларусаў не падтрымлівае ваенныя дзеянні Расеі і што значная частка беларусаў супраць уключэння Беларусі ў вайну». Цікава, адзначыў Рыгор Астапеня, што гэтыя лічбы не змяняюцца цягам усяго года, які цягнецца вайна. Гэта значыць, што ў грамадстве ёсць пэўны кансэнсус і разуменне ў стаўленні да гэтай вайны.

У першую чаргу, гэта звязана з медыяспажываннем рэспандэнтаў: людзі, якія спажываюць расейскія ці беларускія дзяржаўныя тэлеканалы, застаюцца прыхільнікамі вайны, а людзі, якія атрымліваюць інфармацыю з незалежных крыніц, яе асуджаюць.

Тым не менш, на думку Астапені, грамадства, нягледзячы на велізарную дэзынфармацыю і ціск на незалежныя медыя, застаецца адносна здаровым і здольным выбудоўваць сваё ўласнае стаўленне адносна вайны ва Украіне.

Датычна тых людзей, што выказаліся за размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі (а іх, нагадаем, набралася 25% ад усіх рэспандэнтаў), Рыгор Астапеня выказаў наступную думку:

«Так, у пераважнай большасці гэта людзі, якія глядзяць расейскі і беларускі дзяржаўны тэлевізар… і найбольш прыхільныя да Расеі, да Крамля, да Лукашэнкі».

Таксама кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» Chatham House выказаў меркаванне, што мы зараз знаходзімся ў тым моманце, калі ў Беларусі назіраецца выразны грамадскі падзел: ёсць дзве вялікія групы, кожная з якіх складае мільён чалавек, «якія жывуць па розных каштоўнасцях, спажываюць інфармацыю з розных крыніц, маюць абсалютна розныя ўяўленні, як павінна развівацца Беларусь». І на дадзены момант, адзначыў Рыгор Астапеня, ён не бачыць, як гэта можна змяніць. Бо людзі знаходзячыся ў розных лагерах, не прызнаюць існавання людзей з іншымі поглядамі.

«Мне здаецца, што не варта чакаць выхаду з вось гэтага грамадскага падзелу да таго часу, пакуль у Беларусі не зменіцца палітычная сістэма», – адзначыў госць студыі.

Chatham House апытаў 804 рэспандэнты з 15 па 27 сакавіка 2023 года. Апытанне было праведзена онлайн, што адпавядае меркаванню гарадскога насельніцтва.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў