Масавыя затрыманні адвакатаў адбыліся ў Беларусі 28 лютага. Агенцтва Associated Press са спасылкай на беларускіх праваабаронцаў інфармуе, што вядома пра пераслед на сённяшні дзень.
Падчас хапуна былі затрыманыя прынамсі 12 адвакатаў, якія абаранялі палітвязняў і аказвалі юрыдычную дапамогу іхным сем’ям.
Колькі адвакатаў цяпер застаюцца за кратамі, не вядома.
Праваабаронца цэнтру «Вясна» Павел Сапелка зазначыў у інтэрв’ю Associated Press, што знаходзіць абаронцаў для палітвязняў у Беларусі усё складаней.
«У Беларусі склалася катастрафічная сітуацыя з правамі чалавека, калі не толькі лідары і актывісты апазіцыі, але і іхныя адвакаты знікаюць у турмах без сувязі з вонкавым светам», – сказаў юрыст.
Паводле «Вясны», з 2020 года было зафіксавана як мінімум 23 выпадкі затрымання адвакатаў пасля абароны імі людзей, арыштаваных з палітычных матываў. Больш за 500 адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі. Шмат хто з іх выехаў за мяжу.
Пасля выбараў 2020 года ўлады Беларусі затрымалі больш за 35 тысячаў чалавек, шмат якія з іх распавядалі, што іх катавалі за кратамі і ўрэшце змусілі пакінуць краіну, паведамляе Associated Press.
Марыя Міхалевіч belsat.eu