Кубак для вінаватых ад расейцаў і брудная сурвэтка. Якія падарункі ў скарбніцы Лукашэнкі


«Белсат» з дапамогай аб’яднання былых сілавікоў Беларусі «BELPOL» атрымаў дадзеныя амаль аб 2 тысячаў падарункаў, якія Аляксандру Лукашэнку дарылі замежнікі і якія ўтрымліваюцца ў яго менскай рэзідэнцыі. Трапіць туды можна толькі з дазволу адміністрацыі палітыка.

«Не ў каня корм»

Азнаёміцца са спісам мы папрасілі расейскага арт-прадзюсара і галерыста Марата Гельмана. Ён не ўражаны.

«Акрамя аднаго падарунка ад грузінскага пасла, дзе рэальны жывапіс грузінскага мастака, усё астатняе, мабыць, нейкі вялікі бізнес па стварэнні сувеніраў. Абавязкова конныя статуі або якія-небудзь тыгры і сланы. Гэта такі абывацельскі густ, але проста даражэй», – кажа Гельман.

Нават кіраўнік РПЦ Кірыл не стаў дарыць Лукашэнку ўнікальных рэчаў. Ён перадаў ікону, якая ўяўляе сабой серыйную вытворчасць у пазалочанай аправе.

«Я ведаю, што ў патрыяршай рызніцы для падарункаў ёсць добрыя абразы, але, мабыць, гэта не ў каня корм. Лукашэнка ўсё роўна ж не адрознівае», – працягвае суразмоўца.

Сярод мноства вазаў, габеленаў, статуэтак і групавых фотаздымкаў некаторыя падарункі вылучаюцца. Напрыклад, копія «Кубка Вялікага Арла Пятра» з алмазнаю гранню ад колішняга губернатара Санкт-Пецярбургу Георгія Палтаўчанкі. Цана ў інтэрнэт-краме – $1835 у эквіваленце.

Копія «Кубка Вялікага Арла Пятра». Крыніца: imperialglass.ru

Калі верыць апісанню, падарунак са сваім сэнсам – «кубак напаўнялі моцным віном або гарэлкаю і той, хто правініўся, павінен быў пад строгім поглядам імператара асушыць гэтую чару да дна».

А колішні губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз падарыў Лукашэнку крыштальную «шапку Манамаха», якая каштуе $1650. Такую ж падносілі Уладзіміру Пуціну на інаўгурацыі ў 2012 годзе.

Яшчэ адзін падарунак у палацы Незалежнасці – асадка, якою Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI падпісаў зварот аб адрачэнні ад пасады. Падарунак з намёкам?

Да Лукашэнкі таксама трапіла ільняная сурвэтка з крамлёўскага стала з аўтографам прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына. У анатацыі гаворыцца, што «аўтограф крыху размазаны, на сурвэтцы – плямы жоўтыя, забруджанні».

Падарункаў ад «рускага міру» у музеі шмат, але нямала і сімвалаў свайго, беларускага. Напрыклад, кіраўнік НАУ і намеснік Святланы Ціханоўскай у АПК Павел Латушка, будучы міністрам культуры, уручыў Лукашэнку да дня ягоных народзінаў – статуэтку Максіма Багдановіча. Гэта было ў 2011 годзе, калі Беларусь святкавала 120-годдзе класіка.

«Гэта быў яму мэсэдж менавіта, што варта і неабходна паважаць і шанаваць нацыянальную культуру і беларускае слова. Такім чынам мы жылі ў нейкай ілюзіі заўсёды, што ў нас атрымаецца перавыхаваць Лукашэнку ў нацыянальнае рэчышча, але гэта была памылка», – кажа «Белсату» Павел Латушка.

Сярод улюбёных прэзентаў дыктатара – халодная зброя. У базе, якую атрымаў «BELPOL», згаданыя толькі некалькі крыніцаў, з якіх паходзяць клінкі. Гэта Расея, Азербайджан, Аман, Татарстан, Грузія, Судан.

Але знайшлося месца і для агнястрэльнай зброі. Ганаровае месца ў Лукашэнкаўскім палацы займае той самы аўтамат, з якім дыктатар у 2020 годзе выйшаў супраць удзельнікаў пратэстаў, а дакладней пасля таго, як людзей адцяснілі ад ягонай рэзідэнцыі.

У той дзень у Лукашэнкі быў выбар, якою зброяй бразгаць. Ад дэпутата дзяржаўнай думы Дзмітрыя Савельева ён мае пісталет-кулямёт сістэмы Шпагіна ўзору 1941 года. У наяўнасці таксама аўтамат Калашнікава ўзору 1974 года. І пісталет-кулямёт Томпсана – мадэль 1928 года, няхай і выведзены з баявога стану.

Лукашэнка са сваёй зброяй. Калаж: Белсат

Падарункі за суверэнітэт

У якасці падарункаў Лукашэнка атрымліваў таксама тытулы, ордэны і медалі. Напрыклад, ордэн рыцару ад Сербскай каралеўскай акадэміі інавацыйных навук, якая ці то не мае рэальнага памяшкання, ці добра яго хавае. Прынамсі, журналісты «Белсату» па пазначаных адрасах ніякай акадэміі не знайшлі. Рэдактар гэтай установы звязаны з сербскімі сябрамі Аляксандра Лукашэнкі – братамі Карычамі.

Лукашэнка таксама валодае найвышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Напрыклад, ордэн Рэспублікі Сербія другой ступені. У тым да 2013 годзе ордэн атрымалі яшчэ 12 кіраўнікоў краінаў, напрыклад, Славаччыны, Кіпру, Арменіі, Азербайджану, Казахстану і Украіны, якою тады кіраваў Віктар Януковіч.

Галерыст Марат Гельман бачыў, якія падарункі атрымліваў Януковіч на пасадзе прэзідэнта.

«Яму дарылі і мошчы святых, і нейкія рэчы залатыя, каб важылі ў руцэ. Было відаць, што гэта чалавек, ад якога залежыць бізнес. У Януковіча быў стары жывапіс, я бачыў Рэпіна невялікага», – кажа Гельман.

Ён таксама бачыў падарункі Сталіну, Леніну і Брэжневу. Кажа, яны ствараліся спецыяльна ў адзіным экзэмпляры:

«Кітайцы стараліся, быў партрэт Брэжнева, выкладзены рысам рознага колеру».

Якімі падарункамі абменьваюцца цяпер кіраўнікі Кітая і Беларусі? Падчас апошняга візіту ў Кітай Лукашэнка падарыў двух зуброў, а сам атрымаў спартовы касцюм для сына Мікалая.

Павел Латушка адзначыў, што падчас афіцыйных візітаў падарункамі прынята абменьвацца. Падчас працоўных – усё радзей, але Лукашэнка звычак не мяняе.

«Лукашэнка хоча вылучыцца, калі ён дорыць трактары, мех бульбы альбо сала, альбо самагонку. Я ўзгадваю, калісьці прысутнічаў пры тым, як Лукашэнка дарыў Мядзведзеву як прэзідэнту Расеі тры літра самагонкі.

Праблема ў тым, што ён узяў на сябе права дарыць беларускую ўласнасць, калі ён дарыць нейкім інвестарам арабскім зямельныя ўчасткі, калі ён перадае зямельныя ўчасткі бізнесменам і пазней яму плоцяць за гэта велізарныя грошы. Сёння Лукашэнка фактычна дорыць нашу дзяржаўнасць, элементы нашага суверэнітэту і дзяржаўнасці – вось гэта галоўны выклік і праблема», – падкрэслівае Латушка.

Адзін з найбуйнейшых інвестараў, атрымальнікаў сталічнай зямлі – кампанія «Dana Astra», што належыць тым самым сербскім братам Карычам. Ад іх у базе падарункаў ёсць таксама ланцуг міжнароднай прэміі іхнага імя «Браты Карычы», атрыманы пасля падпісання бізнес-угоды ў Палацы незалежнасці.

Hавiны
Кампанія сяброў Лукашэнкі Dana Astra не змагла зняць з сябе санкцыі
2023.06.29 20:10

Юлія Цяльпук, Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў