Як лукашэнкаўскія сілавікі шукаюць кандыдатак для вербавання


20 снежня 2023 года супрацоўнікі польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) затрымалі грамадзянку Беларусі, былую актывістку «Гавары праўду» Дар’ю Астапенку, якая працавала на КДБ.

Дзяўчына сама сябе выкрыла: падчас нецвярозай размовы прагаварылася пра супрацу. Звесткі пра дзяўчыну перадалі ў ABW, яе затрымалі. У смартфоне былі знойдзеныя доказы кантактаў з лукашэнкаўскімі спецслужбамі з 2017 года: Дар’я дасылала атрыманыя звесткі і фотаздымкі. 22 снежня, паводле рашэння варшаўскага суда, Астапенку змясцілі ў СІЗА. Жанчыне выставілі абвінавачанне паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу Польшчы («Шпіянаж»). Ёй пагражае не менш за пяць гадоў пазбаўлення волі.

Дар’я Астапенка. Крыніца фота: OnlyFans

Паводле Reform.by, Дар’я спрабавала сябе не толькі ў амплуа апазіцыйнай актывісткі і агенткі КДБ, але і ў ролі порнаакторкі: «Яна спрабавала сябе ў даволі жорсткім порна, свяцілася на “OnlyFans”, прапаноўвала паслугі эскорту. Наколькі сурʼёзна яна займалася гэтым бізнесам, судзіць складана, але, напэўна, ейная актыўнасць у сеціве маглі адсачыць не толькі журналісты, але і сілавікі. У Беларусі здымкі ў порна ці прастытуцыя – дзеянні, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць. Нават публікацыя такіх здымкаў і відэа можа стаць падставаю для рэпрэсіяў… Відавочна, Дарʼя была вельмі ўразлівая для вербавання».

Сапраўды, у Беларусі прастытуцыя па-за законам, таму жанчыны, якія надаюць секс-паслугі, вельмі і вельмі ўразлівыя. Напрыклад, санкцыі артыкулу 171 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і (або) выкарыстанне занятку прастытуцыяй альбо стварэнне ўмоваў для занятку прастытуцыяй») і артыкулу 171-1 («Уцягванне ў занятак прастытуцыяй альбо прымус да працягу занятку прастытуцыяй») прадугледжваюць пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі. За здымкі ў парнаграфічных фільмах або «OnlyFans» можна атрымаць да 4 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулу 343 КК («Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару»). Паводле артыкулу 19.5 КаАП («Занятак прастытуцыяй») можа быць максімальны штраф да 30 базавых велічыняў ці грамадскія працы альбо адміністратыўны арышт.

Безумоўна, спецслужбы могуць выгадна гэта выкарыстоўваць, маніпулюючы і схіляючы да вербавання ды далейшай канфідэнцыйнай супрацы.

29 траўня 2020 года ў Горадні падчас пікету для збору подпісаў АМАП затрымаў Сяргея Ціханоўскага. Для ягонага затрымання сігнал падала Алена Кузьміна. Пазней стала вядома, што яна працавала ў сферы секс-паслуг і супрацоўнічала з МУС.

Альянс расследавальнікаў Беларусі атрымаў нутраныя дакументы сілавікоў пра захады для выяўлення асобаў, якія займаюцца прастытуцыяй. Прааналізаваўшы наяўныя дакументы, журналісты-расследавальнікі робяць выснову, што міліцыі і адпаведна іншым лукашэнкаўскім спецслужбам добра вядомыя месцы канцэнтрацыі «дзяўчат лёгкіх паводзінаў» ды іхныя асабістыя звесткі.

Дакумент перадалі рэдакцыі

У Гарадзенскай вобласці праваахоўнікі рэгулярна адпрацоўваюць такія месцы, але не заўсёды складаюць пратаколы за занятак прастытуцыяй ці распачынаюць крымінальныя справы, нярэдка абмяжоўваюцца прафілактычнымі размовамі. Гэта дае падставу меркаваць, што дзяўчаты на «кручку» і супрацоўнічаюць з якім-небудзь з сілавых ведамстваў або аператыўнікі прыглядаюцца да іх для будучага вербавання.

Як правіла, адміністратыўныя пратаколы або крымінальныя справы афармляюць на прастытутак, якія не жадаюць супрацоўнічаць ці з нейкіх прычынаў не падыходзяць для вербавання.

Дакумент перадалі рэдакцыі

Тыя, хто пагадзіўся, могуць разлічваць на «бонусы», напрыклад, іх гарантавана не будуць заўважаць падчас рэйдаў міліцыі або загадзя папярэджваць пра іх. У нейкі момант могуць «забыцца» пра секс-працаўніцу, аформіўшы крымінальную справу толькі на ейнага сутэнёра.

Дакумент перадалі рэдакцыі

Для выключэння выкрыцця аператыўнікі могуць выпісваць штрафы сваім агенткам ці іншымі спосабамі выводзіць з-пад падазрэнняў.

Спецслужбы маюць патрэбу ў інфарматарах, менавіта таму канвеер пошуку кандыдатаў для вербавання ніколі не спыніцца, могуць мяняцца толькі спосабы.

На Берасцейшчыне прафілактыка прастытуцыі ёсць абавязковым пунктам планаў асноўных арганізацыйных захадах абласнога УУС і ўпраўлення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлем людзьмі. На першы погляд, руцінная праца, у якой маюцца прыхаваныя мэты. Сілавікі шукаюць спосаб паставіць дзяўчат перад выбарам: адміністратыўны пратакол ці супраца.

Дакумент перадалі рэдакцыі

Дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу.

Гісторыі
Бакіевы-Пятровы-Саліевы. Беларуская праграма абароны дыктатараў: змена асобы без змены полу
2023.11.11 14:07

Расследаванні АРБ можна глядзець тут ці чытаць тут.

Падтрымаць АРБ можна праз «Paypal»: arb2021@protonmail.com.

P.S.: у «Telegram» з’явіўся фэйкавы чат-бот, які нібыта ёсць каналам зваротнай сувязі з намі. АРБ афіцыйна заяўляе, што не мае ніякіх ботаў. Для сувязі і перадачы звестак АРБ выкарыстоўвае выключна электронную пошту: arb2021@protonmail.com.

 belsat.eu / Авер

Стужка навінаў