СК пацвердзіў затрыманне палітыка Дзмітрыева. Вінавацяць у кантактах з Гілары Клінтан


Следчы камітэт Беларусі афіцыйна пацвердзіў затрыманне экс-кандыдата ў прэзідэнты, лідара кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева.

Андрэй Дзмітрыеў на БТ. Скрыншот з трансляцыі

У СК кажуць, што Андрэй Дзмітрыеў актыўна ўдзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту ў Менску ў жніўні – верасні 2020 года. Таксама яму ставяць у віну тое, што ён 599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, сярод іншага – пасля 2020 года.

«Наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі ягонай «палітычнай» дзейнасці з-за мяжы. Ёсць інфармацыя, што затрыманы кантактаваў з дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста з яго былым кіраўніком Гілары Клінтан», – заяўляюць у ведамстве.

Палітыка вінавацяць паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Андрэя Дзмітрыева затрымалі 11 студзеня. Пасля гэтага зніклі відэа з Youtube-каналу палітыка. Яго ўжо затрымлівалі ў жніўні 2021 года ў справе дэлегатаў «Сходу», платформы, альтэрнатыўнай Усебеларускаму сходу Аляксандра Лукашэнкі. Але тады яго вызвалілі пасля кароткага допыту.

На выбарах 2020 года Андрэй Дзмітрыеў не стаў здымаць сваёй кандыдатуры на карысць Святланы Ціханоўскай, але казаў пра гатовасць каардынавацца з ёй, выступаў за вызваленне палітычных зняволеных і дэмакратычныя рэформы, заклікаў рэгістравацца на платформе «Голас» і ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў