Звольніць Андрэя Чарнякевіча загадаў старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра


Пра гэта распавёў сам чыноўнік падчас сустрэчы з выкладчыкамі і супрацоўнікамі Гарадзенскага ўніверсітэту, якая прайшла 4 сакавіка.

У панядзелак міністр адукацыі Сяргей Маскевіч прэзентаваў калектыву ГрДУ новапрызначанага рэктара Андрэя Караля. На паседжанні прысутнічалі гарадзенскія чыноўнікі з абласнога і гарадскога аддзелаў адукацыі. Пасля Маскевіча ўзяў слова старшыня абласнога выканаўчага камітэту Сямён Шапіра. “Наконт Чарнякевіча прымаў загад я асабіста”, – раскрыў таямніцу звальнення гісторыка і дацэнта ГрДУ Шапіра.

У сваім выступленні ён пахваліў універсітэт за тэхналагічныя дасягненні і раскрытыкаваў за промахі ў ідэалагічнай працы. Пра гэта “Белсату” распавяла адна з прысутных на сённяшняй сустрэчы ў ГрДУ. “Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжою. За чые грошы? – выступаў галоўны чыноўнік Гарадзеншчыны. – Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!”.

Шапіра ўпікнуў былога рэктара Яўгена Роўбу, што той марудзіў са звальненнем Андрэя Чарнякевіча быццам праз сваё знаёмства з бацькам гісторыка, які таксама працаваў у купалаўскім універсітэце. Старшыня аблвыканкаму прызнаўся, што ён уласнаручна даў загад звольніць аднаго з аўтараў падручніка “Гродназнаўства” Андрэя Чарнякевіча.

Сямён Шапіра таксама падзяліўся з прысутнымі, што рэгулярна чытае зводкі КДБ і ведае ўсё: “Ва ўніверсітэце 16 чалавек, які заклікаюць звергнуць уладу”. Гэтыя неназваныя ненадзейныя элементы не проста заклікаюць зрынуць уладу, але яшчэ і… ездзяць на роварах і пляскаюць у ладкі.

Дарэчы ў мясцовых газетах – “Гродзенская праўда”, “Вячэрні Гродна”, “Перспектыва” – , а таксама на афіцыйным сайце ГрДзУ пра сённяшнюю падзею не напісана ні слова “

Скандал з падручнікам “Гродназнаўства” разгарэўся летась у верасні, калі з фармулёўкаю “за парушэнне працоўнай дысцыпліны” з ГрДУ звольнілі аднаго з аўтараў – Андрэя Чарнякевіча. За 2 дні да звальнення выкладчыка тэрмінова выклікаў да сябе загадчык цэнтру кадравай і прававой работы ўніверсітэту. Падчас размовы ў кабінеце прысутнічалі загадчык аддзелу бяспекі ўніверсітэту і працаўнік КДБ. Галоўнаю тэмай размовы быў падручнік “Гродназнаўства”.

А.К., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары