Пашкоджаныя кватэры ў пад’ездзе на Пляханава, 85 адновяць праз 1,5 месяцы


«Мяне з сабакам на гэты час прытуліў сябар, а бацькам далі пакой у Доме ветэранаў і інвалідаў», – распавёў «Белсату» жыхар Яўген.

Іхная кватэра – на паверх ніжэй за памяшканне, дзе 23 лютага адбыўся выбух. «Нам сказалі, што зможам вярнуцца праз месяцы паўтары, але я думаю, што гэта даўжэй усё будзе», – зазначае Яўген.

Калі карэспандэнтка «Белсату» падышла да месца здарэння, Яўген выкотваў з дому свой ровар. «Сёння хоць дазволілі нейкія рэчы вынесці. Штосьці забралі, штосьці пераставілі ў іншыя пакоі, бо на кухні ў нас трэснула столь. Будуць мяняць пліты перакрыццяў», – каментуе ён.

Цяпер у пад’ездзе працуе адмысловая камісія, якая мае вызначыць цэласнасць будаўнічых канструкцыяў. Таксама расследаванне вядзе Следчы камітэт, які 24 лютага распачаў Крымінальную справу паводле часткі 2 арт. 144 КК (прычыненне смерці праз неасцярожнасць). Падчас выбуху загінулі 72-гадовая жанчына і ейны 48-гадовы сын, якія жылі на 9 паверсе.
Фота belsat.euФота belsat.eu
«Яны былі вельмі добрымі людзьмі, – узгадвае суседзяў Яўген. – Ні сын, ні маці не пілі зусім. Ён быў таленавіты хлопец, на заводзе працаваў. Калі нешта трэба, заўжды дапаможа, ды і пагутарыць з ім можна было. І жанчына вельмі зычлівая была. У пад’ездзе да іх усе добра ставіліся. Нічога асацыяльнага за імі ніхто не назіраў».

З вечара 23 лютага пад’езд дому ачэплены. Каля яго дзяжурыць міліцыя. Паводле Яўгена, працаўнікі ЖЭСу перапісалі рэчы ў кватэрах эвакуяваных. Частка выселеных жыхароў пасялілася ў сваіх сваякоў і знаёмых. Іншых размясцілі ў Спецыяльным доме для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў, што на вуліцы Ракасоўскага, за адзін аўтобусны прыпынак ад Пляханава, 85 і гасцініцу на вуліцы Якубоўскага. Першую ноч пасля выбуху людзі правялі ў дзіцячым садку № 315.

Нагадаем, 23 лютага прыблізна а 17:00 у кватэры на 9 паверсе ў 85-ым доме на Пляханава адбыўся выбух. Калі на месца здарэння прыехалі ратавальнікі, палова раёну была агорнутая з’едлівым дымам. Эвакуявалі прыблізна 20 асобаў, выратавалі 9. Выбухам выбіла вокны з двух бакоў шматпавярховіка: з боку трамвайных лініяў на вуліцы Пляханава і ў двары. З выбітых вокнаў валіў густы чорны дым і шугала полымя. Паводле адной з версіяў, адбыўся выбух бытавога газу.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары