Дзень роднай мовы пачаўся з затрымання змагара за беларускую школу


Скульптара Генадзя Лойку затрымалі раніцаю 21 лютага пасля акцыі падтрымання беларускай мовы каля менскай гімназіі № 4.

Як паведаміла ягоная сястра Валянціна Лойка, скульптара завезлі ў Фрунзенскі РУУС (на тэрыторыі гэтага раёну праходзіла акцыя). Аднак жонцы Алене, якая туды паехала, заявілі, што затрыманага з такім прозвішчам у іх няма.

Каля ганку гімназіі № 4 спадар Лойка разгарнуў плакат са словамі: «Віншую з Днём роднай мовы! Гімназія № 4 была апошняй з беларускамоўнай школай». Прысутным журналістам скульптар заявіў, што ў Беларусі адбываецца русіфікацыя адукацыі. У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што ў статут гімназіі № 4 ўнеслі змены, якія дазваляюць выкладаць на рускай мове.

Да Генадзя Лойкі выходзіла завуч гімназіі Алена Мікалайчык, якая папярэдзіла скульптара пра тое, што ён праводзіць несанкцыянаваную акцыю.

Генадзь Лойка – беларускі скульптар, настаўнік і грамадскі дзеяч. Аўтар славутых пленэраў «Легенда з пяску». Падчас іх паўсталі гіганцкія пясчаныя скульптуры «Абуджэнне Рагнеды» (Заслаўе, 2000), «Магіла льва. Машэка» (Магілёў, 2001), «Карона Міндоўга» (Наваградак, 2002), «Скуты Кейстут» (Крэва, 2004), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (Горадня, 2007), «Цмок» (Гомель, 2008), «Малітва св. Яна» (Менск, 2008). Сярод сваіх вучняў на пленэр браў толькі тых, хто размаўляе па-беларуску.

Колькі гадоў таму яго звольнілі з менскай сярэдняй шкоды № 185, дзе ён выкладаў скульптуру, малюнак і кераміку, за «ўцягванне дзяцей у палітыку» – аповеды пра святкаванне Дня Волі.

АК, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары