Беларускія эколагі папрасілі спевака Стынга звярнуць увагу на смецце ад апонаў


Прадстаўнікі навукова-вытворчай групы «Экалагічная альтэрнатыва» накіравалі спеваку афіцыйны ліст з просьбаю прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да праблемы выкідання гумовых апонаў.

Стынга выбралі ў сувязі з тым, што ён актыўна займаецца абаронаю навакольнага асяроддзя і мае сусветную славу.

«Праблема глабальная, і калі мы будзем яе раскрываць толькі на ўзроўні беларускіх славутасцяў і медыяў, то яе не заўважыць сусветная грамадскасць», – сказаў працаўнік «Экалагічнай альтэрнатывы» Міхаіл Ліс. На ягоную думку, у сферы аховы навакольнага асяроддзя менавіта праблема, звязаная з выкіданнем аўтамабільных апонаў не асвятляецца належным чынам.

Між тым ува ўсім свеце штогод выкідваецца больш за 3 млрд апонаў. Усе гэтыя адкіды трапляюць на звалку, затым у глебу і ў выніку разбураюць яе ды забруджваюць паветра. Старыя апоны таксама служаць прытулкам для грызуноў і вусякоў, якія ёсць адной з прычынаў распаўсюду шмат якіх небяспечных інфекцыйных захворванняў. Апроч таго, гумовыя апоны вельмі лёгка запальваюцца.

Стынг (у цэнтры) з беларускімі праваабаронцамі. Фота spring96.org  Стынг (у цэнтры) з беларускімі праваабаронцамі. Фота spring96.org Паводле Ліса, «Экалагічная альтэрнатыва» заклікала Стынга звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на адмысловы конкурс пад назваю «Код да Вінчы», які праводзіць арганізацыя, шукаючы найлепшы метад безадкіднай тэхналогіі ўтылізацыі апонаў. У яго межах усе ахвотныя да канца лютага могуць прысылаць у арганізацыю свае рацыяналізатарскія прапановы. Вынікі конкурсу падвядуць у сакавіку. Плануецца ўзнагародзіць 3 асобаў. Адзін з іх атрымае грашовы прыз памерам BR 5 млн., другі – працу кансультантам на вытворчасці кампаніі, трэці, папярэдне студэнт-платнік, – магчымасць кампенсаваць выдаткі за навучанне за кошт «Экалагічнай альтэрнатывы» і працаўладкавацца ў гэтую арганізацыю.

Стынг выступіў у Менску ў верасні 2010 года. Наступны ягоны канцэрт ў чэрвені 2011-га адмянілі праз невялікую колькасць прададзеных квіткоў. Творца падтрымаў таксама кампанію беларускіх праваабаронцаў за адмену смяротнага пакарання, падпісаўшы падчас візіту ў Менск адмысловую петыцыю.

М.Я., паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары