У Менску адкрылі помнік жывому літаратару


Арганізатары праекту вырашылі: нішто не перашкаджае ўсталёўваць помнікі жывым людзям.

У Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура адбылося адкрыццё помніку беларускаму пісьменніку і перформеру Іллю Сіну. Імпрэзу прымеркавалі да 20-годдзя творчай дзейнасці літаратара і выхаду ягонай электроннай кнігі “Сапсаваныя лялькі”.

Аўтар незвычайнай скульптуры – вядомы мастак Павел Вайніцкі. На прэзентацыі помнік меў гукавое суправаджэнне – шматканальную аўдыёінсталяцыю Яўгена Рагозіна. У імпрэзе ўзяў удзел і сам “увекавечаны”, якому прызначылі ролю не толькі героя дня, але і ўдзельніка мастацкіх эксперыментаў: Сін здзівіў гледачоў, раптоўна з’явіўшыся са свайго помніка.

Ілля Сін – аўтар кніг трансгрэсіўнай прозы “Ільля Сін памёр”, “0”, “Сапсаваныя лялькі” ды інш., заснавальнік суполкі экзістэнцыйнай клаўнады “Тэатр псіхічнае неўраўнаважанасці”, лаўрэат альтэрнатыўнай Нобелеўскай прэміі за 1999 год, уручанай з ініцыятывы Міхася Баярына.

У фільматэцы “Белсату” ёсць адмысловы дакументальны фільм “Ілля Сін – граем Сіна”, прысвечаны пісьменніку.

М.Я., паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары