Беларускамоўны фільм «Жыве Беларусь» у польскіх кінатэатрах (абноўлена)



https://youtu.be/0_ZJ8iJ6MA8

Мастацкі фільм «Жыве Беларусь» выйшаў 19 красавіка на экраны кінатэатраў у Польшчы.

Тэлеканал «Белсат» прапаноўвае сваім гледачам відэафрагмент праграмы «ПраСвет», які распавядае пра некаторыя падрабязнасці здымачнага працэсу мастацкага фільму.

{movie}Фрагмент праграмы “ПраСвет” пра здымкі “Viva Belarus” |right|9062{/movie}

Здымкі фільму пачаліся яшчэ ў лістападзе 2011 года. Падставаю для сцэнару былі «Армейскія дзённікі» беларускага моладзевага лідара Франака Вячоркі, якога нягледзячы на праблемы са здароўем забралі ў жаўнерскія шэрагі. Зняў жа фільм на сродкі французскага «Canal+» і польскага ўраду польскі рэжысёр Кшыштаф Лукашэвіч, продкі якога паходзяць з-пад Баранавічаў.

Падзеі ў стужцы адбываюцца ў сучаснай Беларусі. Галоўны герой Мірон, ролю якога выканаў Vinsent, – рок-музыка, які досыць далёкі ад палітыкі. Адзін з ягоных выступаў ператвараецца ў апазіцыйную маніфестацыю. У якасці пакарання Мірона забіраюць у беларускае войска, дзе творца зазнае жорсткія здзекі і прыніжэнне. З дапамогаю сваёй дзяўчыны публікуе ў сеціве допісы пра парадкі, якія пануюць у войску, за што трапляе пад яшчэ большы пераслед.

Мірон, аднак, не скараецца, а перажывае ў войску сваё ўнутранае «абнаўленне», перамагаючы сістэму, якая здавалася непахіснаю.

У фільме знялася таксама польская акторка Караліна Грушка, якая выконвала ролю ў расейска-беларускім фільме «У жніўні 44-га», а таксама беларусы Анатоль Кот, Раман Падаляка, Алесь Малчанаў, Павел Крыксуноў ды іншыя акторы Купалаўскага і Свабоднага тэатраў. У Беларусі фільму не пакажуць: яго забаранілі ўлады яшчэ перад выхадам стужкі. З акторам Анатолем Катом за здымкі ў стужцы дзяржаўная кінастудыя «Беларусьфільм» скасавала кантракт на ўдзел у серыяле «Сляды апосталаў».

Інтэрв’ю з Каралінай Грушкай на здымачнай пляцоўцы фільму.

19 красавіка, у дзень прэм’еры фільму ў польскіх кінатэатрах, амбасадар Рэспублікі Беларусь у Польшчы Віктар Гайсёнак накіраваў ліст фірме Kinoświat якая займаецца пракатам стужкі. Дыпламат патрабаваў спыніць паказы фільму ў Польшчы.

Аўтары фільму запэўніваюць, што бліжэй да лета фільм будзе дасяжны ў інтэрнэце. Неўзабаве «Белсат» пакажа 25 хвілінны рэпартаж «Жыве Беларусь. За кадрам» пра кулісы вытворчасці фільму.

Болей па гэтай тэме.

Каханне, свабода, музыка. У Варшаве прайшоў прэм’ерны паказ фільму “Жыве Беларусь!” (фотарэпартаж)

Скандал вакол фільму «Жыве Беларусь»: амбасадар Беларусі ў Польшчы напісаў ліст распаўсюдніку стужкі

Войска, турма або псіхбальніца,: Спецслужбы рэалізоўваюць сцэнар «Жыве Беларусі!»? Чаму Зміцер Vinsent Папко не можа вярнуцца ў Беларусь?

М.Я., С.П. belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары