Беларускія рамеснікі накіравалі пратэст у Адміністрацыю прэзідэнта


Пад пратэстам падпісалася больш за 5 тысячаў чалавек.

Беларускія рамеснікі патрабуюць змяніць закон “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”. З 1 студзеня 2013 года набылі моц новыя папраўкі да яго.

Цяпер дапамогу ў доглядзе за дзіцем да 3-х гадоў налічваюць адносна сярэдняга заробку ў краіне, якая складае крыху больш за Br 1,4 млн. Таксама ў законе з’явілася новае абмежаванне: рамеснікі, індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты і натарыусы атрымліваюць толькі 50 % ад сумы. Мам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і зарабляюць на жыццё рамяством, зусім пазбавілі права на дапамогу.

Свой зварот майстры пачалі на глабальнай платформе “Change.org” і накіравалі яго ў Нацыянальны сход РБ і Адміністрацыю прэзідэнта.

“Я сама займаюся скрапбукінгам – вырабам паштовак і альбомаў ручной працы. І ледзь выжываю на тыя грошы, якія мне ўдаецца зарабіць, – піша адна з аўтарак петыцыі Антаніна Елісеева. – А што ж рабіць мамам, якія выхоўваюць дзяцей самастойна, а таксама мамам дзяцей-інвалідаў, якія часцей за ўсё выхоўваюць іх без удзелу бацькі?!”.

Петыцыю падпісалі болей за 5 тысячаў чалавек з усіх абласцей Беларусі. Яны заклікаюць суайчыннікаў падтрымаць іх і таксама паставіць свой подпіс.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары