Чаму маладыя навукоўцы ідуць… у прадаўцы?


Сучасная беларуская дзяржава можа прапанаваць навуковым працаўнікам за іхную працу далёка не абяцаныя $ 500. Менавіта таму эліта нацыі вымушаная шукаць падпрацоўку – і далёка не паводле сваёй спецыяльнасці.

За плячыма ў працаўніка Акадэміі навук Віктара 3 вышэйшыя адукацыі. Цяпер хлопец працуе паводле сваёй першай, біёлагам. Але… за Br 2,9 млн за месяц!

“І раней я шукаў нейкі іншы варыянт, каб можна было добра зарабляць. Але ў нашай краіне працаўнікі прыватных біялагічных лабараторыяў зарабляюць яшчэ меней, чымся ў дзяржаўных, а пакінуць сваю прафесію таксама не хочацца. Да таго ж мушу працаваць у акадэміі, бо жадаю абараніць дысертацыю. Аднак калі ў мяне з’явілася свая сям’я, стала відавочна: так працягвацца больш не можа”, – кажа суразмоўца.

Віктар шукаў такую падпрацоўку, каб пры гэтым па-ранейшаму займацца сваёй працаю ў акадэміі: “Пабачыў абвестку “McDonald’s”, што ім трэба людзі за Br 3,5 млн за месяц. І падумаў: а чаму не падзарабіць там у вольны час? Праўда, на сумоўі высветлілася, што за тыя 50 вольных гадзінаў, якія магу працаваць у рэстарацыі, я атрымаў бы ўсяго Br 900 тыс. То бок зусім капейкі, якія мяне б не выратавалі. Таму адмовіўся”.

Апроч натуральна навуковай адукацыі, якая дазваляе Віктару выкладаць біялогію і хімію, ён мае эканамічную ды культуралагічную. Гэткім чынам, хлопец прысвяціў навучанню 9 гадоў. Пры гэтым ён аднойчы вучыўся за мяжою, а двойчы – платна.

“Эканоміку я вывучаў перадусім таму, што мяне цікавіла ўласна эканамічная тэорыя. Але працаваць у банку – даруйце, гэта не для мяне! А культуролагі, наколькі я ведаю, гэтак сама пакутуюць ад нізкіх заробкаў у дзяржаўных установах”, – даводзіць Віктар.

Культуролагам сніцца заробак прадаўцоў

Здаецца, ён сапраўды мае рацыю. Бо галоўны навуковы працаўнік аднаго з менскіх музеяў Арына (дзяўчына папрасіла не называць свайго сапраўднага імя, каб не было праблемаў на працы) атрымлівае Br 1,7 млн.

Арына здабыла 3 адукацыі: культуралагічную, гістарычную і педагагічную. Апроч Беларусі, яна вучылася ў Літве, Расеі і Чэхіі: “Але я хачу працаваць менавіта паводле сваёй гістарычнай спецыяльнасці, а ў нашай краіне максімальна зрэалізаваць свае веды і займацца пэўнымі даследваннямі мажліва толькі ўладкаваўшыся ў дзяржаўныя музеі”.

Паколькі зарабіць там нерэальна, дзяўчына думае пра тое, каб знайсці больш прыбытковы занятак: “Днямі прайшлася па крамах: амаль усе яны запрашаюць прадаўцоў-кансультантаў. Ды прапаноўваюць Br 3,5–4 мільёны! І стрэльнула думка: колькі ўжо можна трываць у галечы? Можа, праўда кінуць мне сваю навуку і пачаць жыць больш-менш прыстойна? Ды і што я губляю: падумаеш, статус навуковага працаўніка!”.

Паводле суразмоўцы, яна сустракала ўжо шмат добра адукаваных людзей, якія выбралі працу не паводле спецыяльнасці, але за нармалёвыя грошы.

“У краме адзення я запыталася па-беларуску – правадачка адказала мне на чысцюткай беларускай мове! Высветлілася, што за плячыма ў гэтай дзяўчыны філфак. І я падумала: вось і мне, калі пайду на такую працу, гэта не перашкодзіць ужываць родную мову… Але пра што я там буду размаўляць? “Вам трэба на памер менш?” Гэта, вядома, ні ў якае параўнанне не ідзе з маймі доследамі беларускага фольку, які вельмі люблю. Толькі таму змяніць працу я пакуль не вырашылася”, – прызнаецца Арына.

Але на сваёй сённяшняй працы дзяўчына мае не толькі жабрацкі заробак, але і іншыя праблемы: “Вось цяпер у нас новы кіраўнік аддзелу, у яго зусім іншая спецыяльнасць, з якой надзвычай складана даць рады ў музейнае сферы! Ну як тут працаваць?”.

Уладкавацца ў іншы музей – гэта не выйсце, мяркуе Арына: “Паўсюль адное і тое, тыя самыя пытанні. Пэўнаму музею (назваць яго не магу, бо гэта парушэнне музейнае этыкі) нядаўна адзін з банкаў падараваў дарагую калекцыю экспанатаў – гаворка ідзе пра мільёны долараў! Музей зрабіў выставу, але ягоныя працаўнікі, якія ўсё афармлялі і, па сутнасці, правялі сабраўдную навуковую працу, атрымалі свае Br 2,5 мільёны, як і раней”.

“Можна канстатаваць: нягледзячы на тое, які аб’ём працы музейнымі працаўнікамі выконваецца, колькі экскурсіяў і музейна-педагагічных заняткаў праводзіцца, выставаў робіцца, праектаў здзяйсняецца і г. д., вынік будзе прыблізна аднолькавы. Прэмія Br 100 тыс. – у найлепшым выпадку. Не тое, што нейкая прыбіральніца, якая можа зарабляць куды болей наагул без адукацыі”, – падвынікавала Арына.

Леанід Заіка: Навукоўцаў трэба ў 10 разоў менш



Чаму ж дзяржава не плоціць навуковым працаўнікам болей? Як патлумачыў “Белсату” эканаміст Леанід Заіка, у сённяшняй Беларусі гэта не толькі немагчыма, але папросту… не трэба. Па-першае, навукоўцаў у нашай краіне зашмат.

“Справа ў тым, што гэта ўвогуле савецкая ментальнасць: падчас СССР у Беларусі было больш за 40 навуковых установаў і 102 тыс. навуковых кадраў. Калі саюз разваліўся, трэба было займацца зарабляннем грошай: тады і кандыдаты, і дактары пайшлі ў бізнес. Яны хутчэй зразумелі, што грошы, з якіх фінансуюцца навуковыя ўстановы, ідуць на заробкі акадэмікам, а, скажам, на неабходную апаратуру іх няма. То бок гэта такая навуковая наменклатура: калі абкамы і гаркамы партыі зніклі, то ў навуцы яны засталіся! І іх трэба было зачыняць, як гэта зрабілі ў Літве і Латвіі”, – мяркуе суразмоўца.

Аднак толькі скараціць колькасць навуковых кадраў яўна недастаткова.

Акадэмію навук трэба закрыць увогуле! І зрабіць з яе грамадскую арганізацыю. Нам не трэба такая колькасць аспірантаў! Давайце не будзем хлусіць: нам трэба навукоўцаў роўна ў 10 разоў менш! Калі закрыем акадэмію, дык выдаткаў на навуку скароцім прыблізна разы ў 3. Таму гэтыя бедныя маладыя навукоўцы – нікчэмныя закладнікі сенняшняй сістэмы”, – тлумачыць эксперт.

Якое ж выйсце яны маюць? Леанід Заіка прапаноўвае пашукаць шчасця за мяжой.

“Навука стала міжнароднаю, сёння няма нямецкай матэматыкі і беларускага насенняводства. Маладым навукоўцам даюць стыпендыі нават за смешныя рэчы: напрыклад, за прапанову рабіць чыпсы з яблыкаў. Так што сёння ім скардзіцца не трэба. Вывучайце, хлопцы-дзяўчаты, англійскую мову, нямецкую – і публікуйцеся, пішыце! Падавайце дакументы на атрыманне грантаў, стажаванне ў еўрапейскіх краінах”, – раіць адмыслоўца.

Паводле эканаміста, “замежны лёс” нярэдка сустракае навукоўцаў і ў іншых дзяржавах: “За апошнія 25 гадоў толькі з Нямеччыны 400 тыс. студэнтаў і аспірантаў вучыліся ў іншых краінах”.

Да таго ж беларускім навукоўцам адкрыты шлях таксама і на Усход. “Таму можна ехаць у Расею, там пастажавацца. Я сам стажаваўся і ў Еўропе, і ў Кітаі, і ў ЗША. І працаваў, і чытаў лекцыі. І вырас як навуковец дзякуючы працы, стажаванню і выкладанню за мяжою. Калі навуковы працаўнік не выязджае за мяжу стажавацца і выкладаць, ён наогул нікому не трэба! Можа спакойна збіраць валізу ды ісці працаваць маркетолагам на “Савушкін прадукт”! І зарабляць добрыя грошы”, – зазначае спадар Заіка.

Паўліна Калтавічанка, belsat.eu

Стужка навінаў