Супраць каго будуць ваяваць беларускія «Стэрхі»?


У Беларусі плануюць распачаць серыйную вытворчасць беспілотнікаў. На базе Фізіка-тэхнічнага інстытуту Нацыянальнай Акадэміі навук ужо выпускаюць прыблізна 10 летакоў на год, паведамляе БелаПАН.

Таямнічыя пакупнікі

Летась у жніўні беларускія навукоўцы прадэманстравалі журналістам першы беларускі беспілотнік – «Стэрх-БМ». Лятальны апарат прайшоў этап заводскіх лётных выпрабаванняў і ў цалкам аўтаматычным рэжыме здольны падняцца ў паветра, праляцець па зададзеным маршруце і самастойна прызямліцца.

У галіне вытворчасці беспілотнікаў лідаруюць ЗША і Ізраіль, аднак з палітычных прычынаў некаторыя краіны, напрыклад, Іран і Венесуэла, не могуць набываць іх прадукцыі.

Вытворцы заяўляюць, што беларускімі летакамі зацікавіліся ў шэрагу краінаў, вядома, што сярод іх ёсць В’етнам. Але ўвесь спіс зацікаўленых у НАНБ не называюць. Паводле намесніка старшыні прэзідыуму Акадэміі Сяргея Чыжыка, у такім пытанні «трэба быць вельмі акуратным».

Тэхнічныя магчымасці

Сярод пераваг беларускіх беспілотнікаў Сяргей Чыжык называе іх шматфункцыйнасць. Паводле навукоўца, «апарат можна насычаць шматлікімі сэнсарамі, напрыклад, для кантролю стану атмасферы». З цеплавымі сэнсарамі беспілотнік можа з вышыні свайго палёту адсочваць нават дробных прадстаўнікоў фаўны, напрыклад, зайцоў.

Ды толькі ці будзе патэнцыйных пакупнікоў цікавіць «дробная фаўна»? Паводле афіцыйнай версіі беларускіх вытворцаў, патэнцыйнымі замоўцамі беспілотніка маюць быць міністэрствы абароны, унутраных справаў і надзвычайных сітуацыяў.

{movie}Палёт беларускага беспілотніка (Архіўнае відэа)|right|8755{/movie}

Беларускі беспілотнік, прэзентаваны ў жніўні, важыць 65 кг і развівае крэйсерскую хуткасць 120 км/г. Максімальная хуткасць складае 200 км/г, максімальная дальнасць палёту – 240 км. Размах крылаў «Стэрх-БМ» дасягае 3,8 м, максімальная вышыня палёту – 3 км. Усе гэтыя параметры могуць дапрацоўвацца для канкрэтнага замоўцы.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў