Цэнтрвыбаркам праверыць, ці можа Някляеў балатавацца на выбарах


Паводле беларускага выбарчага заканадаўства, прэтэндэнт на пасаду кіраўніка краіны мусіць стала ў ёй жыць цягам апошніх 10 гадоў.

Паэт і лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў напрыканцы 1990-х доўгі час жыў у Польшчы ды Фінляндыі. Гэтым і зацікавіўся Цэнтрвыбаркам. Яго старшыня Лідзія Ярмошына паведаміла падчас он-лайнавай канферэнцыі ў інтэрнэт-газеце БелаПАН “Беларускія навіны”, што права Някляева выстаўляцца кандыдатам на прэзідэнта яшчэ будзе вывучацца.

Прэсавы сакратар кампаніі “Гавары праўду!” Юлія Рымашэўская патлумачыла, што паэт не быў эмігрантам і рэгулярна наведваў Беларусь. Яна дадала, што юрысты кампаніі вывучылі падобную сітуацыю, якая склалася вакол асобы Зянона Пазняка. Ягоную ініцыятыўную групу зарэгістравалі і ў 2001 г., і нават у 2006-м, хоць на той час Пазняк дакладна ўжо 10 гадоў не жыў у Беларусі. Канстытуцыйны суд, які разглядаў справу, сыходзіў з таго, што спадар Зянон быў прапісаны ў Беларусі. Уладзімір Някляеў цягам апошніх 10 гадоў таксама мае беларускую прапіску, дадала Рымашэўская.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары