Архітэктары Менску: Таннаму жытлу ў цэнтры гораду не месца


Жыхары малапавярховай забудовы ў цэнтры Менску дагэтуль не ведаюць, адрамантуюць іхныя дамы ці разбураць, каб пабудаваць новыя?

16 студзеня адбылося абмеркаванне праекту дэталёвага планавання, рэканструкцыі ды добраўпарадкавання гістарычнага цэнтру сталіцы. Вядоўцы сходу зазначылі, што сённяшняе абмеркаванне – «перадусім для прафесіяналаў, каб паразмаўляць між сабою на прафесійнай мове, а абмеркаванне будучыні цэнтру Менску з жыхарамі гораду запланаванае на 26 студзеня».

Тым не менш пасля прэзентацыі праекту прысутныя жыхаркі некалькіх дамоў па вуліцы Раманаўская Слабада проста засыпалі пытаннямі начальніка майстэрні «Менскграду» Аляксандра Акенцьева. «У нас на пяці дамах расклееная абвестка, што яны ідуць пад знос. У доме № 24 тры гады таму толькі зрабілі капітальны рамонт. Што з ім будзе?» – запытала адна з жанчын.

Аляксандр Акенцьеў запэўніў, што ў гэтым квартале застанецца жылая забудова. Але адказаць, што будзе з канкрэтнымі дамамі ды іх жыхарамі, архітэктар быў не гатовы: «З гэтымі дамамі будзе адбывацца тое, што адбываецца ўва ўсім свеце. Жыллё з вялікай горадабудаўнічай каштоўнасцю будзе мець самыя вялікія падаткі на карыстанне з яго. Я дапускаю, што дамы, якія тут размешчаныя, могуць быць рэканструяваныя. Пад рэканструкцыю ў гэтым квартале ў мяне ў дэталёвым плане зафіксавана ўмоўна 20 000 квадратных метраў сёння. Якім чынам будзе зробленая рэканструкцыя – будзе вырашана на наступным этапе праектавання», – распавёў Аляксандр Акенцьеў.

Архітэктар дадаў, што вуліцу Раманаўская Слабада пашыраць яшчэ на адну паласу.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў