Аформленыя, але не ўручаныя пашпарты для беларусаў, якія жывуць за мяжой, будуць захоўвацца ў амбасадах і консульствах на працягу аднаго года з даты выдачы. Потым іх адправяць на захоўванне ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі МУС па месцы рэгістрацыі.
Пра гэта гаворыцца ў сумеснай пастанове МУС і МЗС Беларусі, якая ўводзіць тэрмін захоўвання не ўручаных пашпартоў і адмяняе інструкцыю аб абмене гэтых дакументаў для беларусаў за мяжой. Пастанова афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Нагадаем, з 7 верасня набыў моц указ № 278 Аляксандра Лукашэнкі, які рэзка абмежаваў правы і магчымасці беларусаў, якія жывуць за межамі радзімы. Гэтак, беларускія амбасады і консульствы перасталі выдаваць ці абменьваць пашпарты, цяпер іх можна атрымаць толькі ў Беларусі паводле месца рэгістрацыі. Гэта таксама датычыць прастаўлення апастылю і выдачы шэрагу іншых дакументаў. А даверанасці беларусаў, складзеныя за мяжой, страцілі сваю моц, у выніку чаго зараз немагчыма прадаваць кватэры, дамы ці машыны.
СП belsat.eu